Печать

Віншаванне ад кіраўніцтва вобласці з Днём работнікаў культуры

Паважаныя работнікі культуры і дзеячы мастацтва, шаноўныя ветэраны галіны Брэстчыны!

Прыміце самыя цёплыя віншаванні з прафесійным святам – Днём работнікаў культуры.

Захаванне і прымнажэнне духоўных каштоўнасцей – адна з самых высакародных і адказных місій на зямлі. Ваша праца падтрымлівае гарманічнае развіццё асобы і любоў да творчасці ў маладога пакалення, робіць наша жыццё больш прывабным і разнастайным.

Вы працуеце тады, калі адпачываюць іншыя, шчодра дзеліцеся з людзьмі багаццем сваёй душы, дорыце радасць дачынення да цудоўнага, самааддана служыце ідэалам дабра, прыгажосці і высокай культуры.

 Дзякуючы вашым ідэям і пастаяннаму творчаму пошуку Берасцейшчына вылучаецца насычаным культурным жыццём. Шматлікія святы, фестывалі, конкурсы, якія ладзяцца ў нашай вобласці, сталі традыцыйнымі і карыстаюцца вялікай папулярнасцю далёка за яе межамі.  

У гэты святочны дзень шчыра дзякуем супрацоўнікам тэатраў, палацаў і дамоў культуры, сельскіх клубаў і кінавідовішчных устаноў, музеяў і бібліятэк,  прадстаўнікам шматлікіх творчых прафесій. Ярка адораныя, натхнёныя людзі, вы несяце сваю асветніцкую місію дзеля захавання і далейшага паступальнага развіцця гісторыка-культурных традыцый свайго рэгіёна і роднай Беларусі.

Дарагія сябры! Ад усёй душы зычым вам моцнага здароўя і невычарпальнай энергіі, шчасця, дабрабыту і творчых здабыткаў. Упэўнены, што і ў будучым ваша стваральная праца, талент ды майстэрства будуць знаходзіць самы гарачы водгук у сэрцах жыхароў і гасцей  берасцейскага краю.

Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт
Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў

Герб Брестской области