Версия для слабовидящих
Печать

Такое кіно. Міхаіл Пташук.

Размещено: .

Ён – наш зямляк, што, дарэчы, ахвотна падкрэсліваў пры размовах. Ён – неверагодна таленавіты, славута вядомы кінарэжысёр, чый шырокі шлях у кінамастацтва пачынаўся з вёскі Федзюкі. Лічу падарункам лёсу асабістае знаёмства з Міхаілам Пташуком, якое, дарэчы, адбылося ў сценах ляхавіцкай раёнкі, на той час «Будаўніка камунізму»

…Канец кастрычніка 1994 года. Заканчваўся рабочы дзень, калі адчыніліся дзверы і ў кабінет рэдакцыі зазірнуў чалавек. 
Першае, што кінулася ў вочы, – шчырая, адкрытая ўсмешка і потым жыццярадасна гучнае: прывітанне, землякі! Ён не здзівіўся, што інкогніта не атрымалася (пазнаны быў адразу, хаця да гэтага асабіста мы не сустракаліся. Але хто б ні пазнаў чалавека, чый твар даволі часта з’яўляўся на тэлеэкранах, а здымкі – у прэсе). Пташук, сам Міхаіл Пташук, уласнай персонай. Зайшоў з мэтай падзякаваць ляхавічанам за ўвагу да яго творчасці. А як гэта зрабіць, каб пачулі ўсе? Канешне, праз газету.

…Мы пілі каву: Пташук, калега і я. Размаўлялі, размаўлялі, размаўлялі. Дакладней, задавалі пытанні, а ён неверагодна шчыра, вобразна, дасціпна расказваў, расказваў, расказваў. І пра тое, як першы раз, у далёкім дзяцінстве, убачыў кіно; і пра маму, якую любіў пяшчотна і бязмежна; і як паехаў паступаць на рэжысёра; і пра свой рэжысёрскі дэбют…

Пасля было яшчэ некалькі сустрэч з Міхаілам Пташуком на ляхавіцкай зямлі. Адна з іх у час прыезду з прэзентацыяй фільма «Кааператыў «Палітбюро». Была і паездка ў Тухавічы ў складзе творчай брыгады Белтэлерадыё ў кампаніі з таксама нашымі землякамі-літаратарамі Леанідам Пранчаком і Алесем Бадаком. Пранчак прывёз тады сваю новую кнігу на гэты раз прозы «Беларуская Амерыка». Экзэмпляр з аўтографам падарыў мне. Пташук з уласцівым яму гумарам уздыхнуў: не магу ж я табе бабіны з фільмам падарыць, таму пакіну свой аўтограф… яшчэ на адным экзэмпляры пранчакоўскай прозы. Так дагэтуль у маёй асабістай бібліятэцы захоўваюцца дзве «Беларускія Амерыкі»: адна з аўтографам аўтара, другая – кінарэжысёра.

…Напрыканцы студзеня – дваццаць восьмага – ягоны дзень нараджэння. Сёлета яму споўнілася б 76.

Светлыя ўспаміны, гонар за вялікі талент нашага земляка, смутак, што пайшоў з жыцця ён так рана. Пераканана, не толькі я задаю сабе рытарычнае пытанне: колькі б яшчэ шэдэўраў кінамастацтва магло з’явіцца, калі б не тая фатальная аварыя на маскоўскай вуліцы?..

Вольга БАРАДЗІНА.
Здымкі з кнігі «Міхаіл Пташук».

Міхаіл Пташук з бабуляй, мамай і жонкай, 1968 год.


«Будаўнік камунізму», 25 кастрычніка, 1994 г.

Крыніца: раённая газета «Ляхавіцкі веснік»

Герб Брестской области