Версия для слабовидящих
Печать

Адзнака настаўніку

Размещено: .

Напэўна, цяпер і не падлічыш, колькі настаўнікаў з першых пасляваенных гадоў і да нашага часу далучалі і далучаюць хлопчыкаў і дзяўчынак да разумнага, добрага, вечнага. Мяняліся не толькі педагогі, але і школы, дзіцячыя садкі, вучэбныя праграмы і, канешне, вучні. Заўжды заставалася галоўнае – вялікая любоў да дзяцей, жаданне навучыць іх не толькі пісаць, лічыць, чытаць, але думаць, рабіць высновы, сябраваць, дапамагаць, паважаць старэйшых, любіць Радзіму.


Удзельнікі раённага семінара, які праводзіўся на базе Федзюкоўскай СШ на пачатку 80-х гадоў.

У далёкім 1946 годзе ў спаленую фашыстамі Свяціцу 18-гадовыя настаўніцы Соф’я і Людміла прыехалі вучыць тутэйшых хлопчыкаў і дзяўчынак.

– Па ўсёй вёсцы з зямлі тырчалі толькі коміны, людзі жылі ў зямлянках. Будавалі дзве хаты, і адну з іх сельвыканкам вызначыў пад школу.Сцены, дах, вокны – закрытыя шклом дзіркі, драўлянай падлогі не было, мэблі ніякай. На кані паехалі ў Ганцавічы па парты. За імі сядзелі па сямёра вучняў, успамінае сваё педагагічнае юнацтва Соф’я Ягораўна.

Але сяброўкі не журыліся, і нічога, што ў адным пакоі размяшчаліся  па два класы. У класы набіралі дзяцей не па ўзросце (у час фашысцкай акупацыі ніхто не вучыўся), а па ведах. Так і засталіся маладыя настаўніцы ў Свяціцы, выйшлі замуж за герояў-франтавікоў і сталі Соф’яй Буйкевіч і Людмілай Карповіч.

Дарэчы, менавіта ў Свяціцкай СШ настаўніца і паэтка Вера Дыдышка разам са сваім мужам Уладзімірам Шыловічам заснавалі музей партызанскай славы.


Фотаздымак з сямейнага архіва Марыі Махнавец. Фота зроблена ў 80-х гадах мінулага стагоддзя. На ім - калектыў педагогаў СШ№1.

Для многіх пакаленняў ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак яна стала другой мамай. Лічылася, пашчасціла тым, у каго першай настаўніцай была Марыя Махнавец. Пачаткоўцы шчыра любілі Марыю Антонаўну, і яна адказвала ім тым жа. Бачыла і паважала асобу ў кожным, а яшчэ валодала выдатным дарам аб’ядноўваць – яе класы былі самыя дружныя.

– У 1948 годзе я пайшла ў першы клас рускай СШ № 1 у Ляхавічах. Будынак размяшчаўся ў колішнім вучэбна-вытворчым камбінаце. Электрычнасці не было – замест святла палілі газніцы. Вучыліся з задавальненнем. У пачатковых класах настаўніцай у нас была Зінаіда Мікалаеўна Кашуба, а потым класным кіраўніком – Клаўдзія Самсонаўна Станкевіч. Хацелася быць на іх падобнай, таму і вырашыла стаць настаўніцай, – расказвае Марыя Махнавец. У 1971 годзе яна зноў вярнулася ў сваю родную школу – ужо ў якасці настаўніцы. Працавала з натхненнем, з любоўю. Лічыць, што ёй надзвычай пашанцавала і на калег, і на вучняў:

– У школе быў цудоўны калектыў: дружныя, актыўныя, дапамагалі адзін аднаму. Дырэктарстваваў Вячаслаў Цяцёркін, завучам быў Амбросій Рагоўскі. А якія педагогі: Соф’я Хмарук, Іван і Вера Купрыкі, Галіна Хмарук, Соф’я Скакун, Тэрэза Амелька, Ірына Піскун і многія іншыя. Марыя Антонаўна даўно на заслужаным адпачынку, але былыя вучні і сёння з удзячнасцю ўспамінаюць сваю першую настаўніцу.


Здымак датаваны 16.05.1950 г. На ім у першым радзе  трэцяя злева другакласніца Марыйка Шпак (Махнавец)
і яе аднакласнікі са сваёй першай настаўніцай Зінаідай Мікалаеўнай Кашуба.
Углядзіцеся ў гэтыя твары, можа пазнаеце ў іх сваіх родных ці блізкіх.

На дваіх 94 гады ў прафесіі – гэта пра сямейную пару Уладзіміра Максімовіча і Алу Калядзіч з аграгарадка Конькі. Два выпускнікі педвучылішча ў 1958 годзе размеркаваліся ў Ляхавіцкі раён настаўнікамі ў Волькаўскую пачатковую школу, дзе вучылі 40
хлопчыкаў і дзяўчынак. Потым сем гадоў – у Стральцах. Менавіта тады Уладзімір Васільевіч арганізаваў вяскоўцаў на будаўніцтва новай школы, бо старая размяшчалася ў звычайнай сялянскай хаце.

Неўзабаве маладога педагога Максімовіча назначылі дырэктарам Федзюкоўскай школы. Больш за тры дзесяцігоддзі плённай працы на гэтай пасадзе былі напоўнены творчасцю, інавацыямі,  самаўдасканаленнем.

– У нашай школе працавалі выдатныя педагогі, такія як Леакадзія Шадура, Вольга і Фёдар Дайнекі, Яўгенія Паўлоўская і многія іншыя. У свой час на базе Федзюкоўскай СШ быў арганізаваны першы ў раёне прышкольны піянерскі лагер. У нас праходзілі практыку студэнты Брэсцкага педінстытута і Баранавіцкага педвучылішча.

Цяжка пераацаніць дапамогу школе колішняга старшыні калгаса «Ордэна «Знак Пашаны» «Кастрычнік» Льва Аліферкі. Гэта па яго закліку ў адзін год увесь выпускны клас застаўся працаваць у калгасе. А яшчэ мы наладзілі цеснае супрацоўніцтва са школай у Есентуках. Кожнае лета па 30 нашых вучняў адпачывалі летам на Каўказе, столькі ж рабят прыязджалі на канікулы ў
Конькі. Такі вось школьны абмен, – дзеліцца ўспамінамі Уладзімір Васільевіч.

– Надзвычай хвалявалася, калі мяне ў 1976 годзе абралі дэлегатам Усесаюзнага з’езда настаўнікаў і даверылі прадстаўляць калег з Ляхавіцкага раёна. Пасля вяртання дамоў расказвала, як жывуць, вучаць педагогі з розных рэспублік СССР, – далучаецца да размовы Ала Канстанцінаўна. Дарэчы, і яна,  і яе муж узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік народнай асветы». Такіх школьных гісторый можна запісаць шмат. І за кожнай з іх настаўнік і дзясяткі-сотні яго вучняў.

Галіна Канько.

Крыніца: раённая газета «Ляхавіцкі веснік»

Герб Брестской области