Версия для слабовидящих
Печать

Да 80-годдзя Брэсцкай вобласцi. Частка 1-я. Сельская гаспадарка Пiнскага раёна

Размещено: .

Дыскаванне тарфянікаў у калгасе імя Кірава Лагішынскага раёна. За рулем трактара Павел Сярэдзіч. 1952 год.

Дыскаванне тарфянікаў у калгасе імя Кірава Лагішынскага раёна. За рулём трактара Павел Сярэдзіч. 1952 год.

4 снежня 2019 года Брэсцкая вобласць адзначыць свой 80-гадовы юбілей. Менавіта ў гэты дзень у 1939 годзе быў выдадзены Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР «Аб утварэнні Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцей у складзе Беларускай ССР».  Пазней, у 1954 годзе, створаная гэтым указам Пінская вобласць далучылася да Брэсцкай. Сёння Пінскі раён – адзін з буйнейшых у краіне – займае лідзіруючыя пазіцыі ў эканамічнай, культурнай і іншых сферах жыцця Берасцейшчыны. Поспехі Піншчыны ўдала ўпісваюцца ў гісторыю развіцця і дасягненняў усёй вобласці. Напярэдадні яе 80-гадовага юбілею ўспомнім, як развіваўся рэгіён у пасляваенны час і з якімі вынікамі перасягнуў мяжу XX і XXI стагоддзяў.

Сельская гаспадарка

Нямецка-фашысцкія захопнікі нанеслі вялікі ўрон народнай гаспадарцы Піншчыны. За гады акупацыі толькі на тэрыторыі Пінскага раёна былі разбураны і спалены 4 891 жылы дом, 9 279 пабудоў гаспадарчага і 148 культурна-бытавога прызначэння. Амаль поўнасцю была спалена в. Патапавічы, ca 180 хат уцалела толькі адна.

Лёс Хатыні напаткаў вёску Любель-Поль. У Хойнаўскім, Кашавіцкім, Ахоўскім, Завідчыцкім, Масявіцкім, Дубайскім, Невельскім сельсаветах было спалена больш за 20 пачатковых школ, а таксама будынкі бібліятэк, урачэбных участкаў, бальніцы.

Разбураны і спалены цэрквы ў вёс­ках Дубай, Кончыцы, Патапавічы.

Гітлераўцы поўнасцю разбурылі прадпрыемствы цагельнай (в. Сасноўка), лесапільнай (в. Па-гост-Загародскі, Парэчча, Юхнавічы), фанернай (в. Гарадзішча), суднабудаўнічай (партовая арцель у в. Парэчча), мукамольна-крупяной (г.п. Лагішын, вёскі Дабраслаўка, Дубрава, Жытнавічы, Малая Плотніца, Невель, Пагост-Загародскі, Парэчча, Хойна), патачнай (в. Парэчча) прамысловасці, а таксама спіртзаводы ў вёсках Біжаравічы і Бродніца. Быў спалены малочны завод у в. Месткавічы.

Сума ўрону, нанесенага сельскай гаспадарцы раёна, склала 9 334 240 рублёў (у пасляваенных цэнах). Былі разрабаваны маёмасць, насенны фонд, інвентар першых калгасаў і МТС, спалены гаспадарчыя пабудовы і іншыя аб’екты, вывезена жывёла ў Германію.

Нягледзячы на цяжкасці пасляваенных гадоў, дзяржава выдаткоўвала крэдыты на аднаўленне народ­най гаспадаркі, выдзяляла лесаматэрыялы, насенне. Да 1948 года толькі ў в. Патапавічы на месцы папялішчаў і руін выраслі вуліцы. Было адноўлена 176 жылых дамоў. Дзякуючы самаадданай працы жыхароў раёна, у жніўні 1944 года ўжо аднавілі работу 3 з 8 механічных млыноў у вёсках Ахова, Дубай і Юхнавічы і адзін цагельны завод у в. Берказы з пяці дзеючых да вайны.

Да 1950 года былі адноўлены амаль усе існаваўшыя да вайны прамысловыя прадпрыемствы раёна.

3 першых дзён вызвалення Піншчыны ў аднаўленчыя работы ўключыліся ўсе сяляне: будавалі хаты, фермы, вытворчыя памяшканні, прыводзілі ў парадак занядбаныя за гады вайны палеткі. У 1945 годзе пасяўныя плошчы раёна склалі 33 275 га, з іх азімыя – 14 354 га, шматгадовыя травы – 18 891 га.

Ужо ў 1944 годзе зноў уступілі ў строй Пінская, Жабчыцкая і Лагішынская машынна-трактарныя станцыі. Іх трактарны парк налічваў 17 адзінак роз­ных марак тэхнікі.

Нягледзячы на гэта, сельская гаспадарка знаходзілася ў цяжкім стане. 3-за нізкай ураджайнасці сельгаскультур, недахопу кармоў марудна ішло аднаўленне пагалоўя жывёлы. Не хапа­ла запчастак для тэхнікі МТС, большасць механізатараў не мелі спецыяльнай падрыхтоўкі, бо працаваць сталі юнакі.

Масавая арганізацыя новых і аднаўленне былых гаспадарак на Піншчыне адбывалася ў канцы 1940-х гадоў. На шляху калгаснага будаўніцтва тут, як і ў іншых заходніх абласцях Беларусі, сустракалася нямала праблем. Мірнае жыццё даводзілася наладжваць у складаных умовах. Пасля вызвалення на тэрыторыі раёна засталіся ўзброеныя антысавецкія групы, а таксама тыя, каму не да спадобы прыйшлася калектывізацыя. Яны нападалі на вёскі, рабілі дыверсіі, запалохвалі насельніцтва, спрабавалі скампраметаваць ідэю калектывізацыі ў вачах сялян-аднаасобнікаў. Такія выпадкі мелі месца ў калгасах імя Дзяржынскага, імя Чкалава, «Чырвоная зорка», «Новы мір».

Калі ў 1948 годзе ў раёне існавала 19 калгасаў з 855 га ворных зямель, то ў лістападзе 1949-га – ужо 142. Калгасы ў гэты час аб’ядноўвалі 1 281 гаспадарку.

У 1949 годзе Пінскі раён у ліку іншых раёнаў заходніх абласцей рэспублікі атрымаў дзяржаўную дапамогу – дадатковую сельскагаспадарчую тэхніку, запчасткі, плугі, акучнікі, сеялкі, мінеральныя ўгнаенні, харчовае і насеннае збожжа, будматэрыялы і грашовыя крэдыты, што ўмацавала матэрыяльна-тэхнічную базу земляробства і паскорыла тэмпы аднаўленчых работ у сельскай гаспадарцы раёна. Калгасы мелі ў гэты перыяд 3 аўтамашыны, 6 сенакасілак, 21 жнейку-самаскідку, 233 малатарні, 169 веялак, 3 зерневыя сарціроўкі, 1 256 павозак на драўляным і 5 484 на жалезным хаду. Удвая, у параўнанні з 1 944 годам, павялічыўся трактарны парк МТС.

Перадача тэхнікі калгасу «Светлы шлях». 1958 год.

Перадача тэхнікі калгасу «Светлы шлях». 1958 год.

Калгасы і МТС папаўняліся кваліфікаванымі кадрамі, якія праходзілі падрыхтоўку ў абласной школе механізацыі сельскай гаспадаркі, а таксама на курсах і ў гуртках, арганізаваных калгасамі.

Паступова павялічвалася пагалоўе жывёлы. У 1950 годзе на Піншчыне было 168 калгасаў, створаных амаль што ў кожнай вёсцы. Расла і сярэдняя ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур.

Аднаўляць сельскую гаспадарку раёна дапамагалі па меры магчымасці шэфы з прадпрыемстваў і арганізацый горада.

Узбуйненне калгасаў садзейнічала іх далейшаму арганізацыйна-гаспадарчаму ўмацаванню, давала магчымасць больш поўна забяспечыць калгасы ворнымі землямі, сенажацямі і пашай.

Да канца 1951 года калектывізацыя была завершана. Грамадскія гаспадаркі цяпер адыгрывалі галоўную ролю ў вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі і продажы яе дзяржаве.

Далейшае развіццё сельская гаспа­дарка атрымала ў 1960-я гады. У выніку ўзбуйнення калгасаў у 1967 годзе іх засталося 30. Да гэтага часу ў раёне быў арганізаваны адзін саўгас.

За 1966 год у калгасах устаноўлена 20 воданапорных вежаў, пракладзены трубы і ўстаноўлены калонкі для вадапою на 5 800 галоў буйной рагатай жывёлы і 3 500 галоў свіней, зманціраваны аўтапаілкі на 500 галоў жывёлы. На свінафермах калгасаў «Аснежыцкі», імя Катоўскага і імя Кутузава было ўстаноўлена абсталяванне для поў-най механізацыі прыгатавання і раздачы кармоў.

Грашовыя прыбыткі калгасаў у 1966 годзе ўзраслі ў параўнанні з 1959 годам у 2,6 раза і склалі 16 707 тысяч рублёў на тыя грошы. У 1966 годзе вытворчасць збожжа павялічылася на 89%, бульбы – у 2 разы, малака – на 77% і мяса – на 65% у параўнанні з 1958 годам.

У 1967 годзе ўрадавых узнагарод удастоены 198 сельскіх працаўнікоў раё­на. Сярод іх 6 чалавек атрымалі зван­не Героя Сацыялістычнай Працы (старшыні калгасаў А.М. Кулажанка, У.С. Козыр, даяркі К.П. Ляснічая, Т.В. Шпакоўская, механізатары І.М. Сярэдзіч, М.П. Кахавец), 9 – ордэн Леніна, 33 – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, 40 – ордэн «Знак Пашаны», 110 – медалі «За працоўную доблесць» і «За працоўную адзнаку», 20 – ме-далі ВДНГ СССР.

За 1970 год пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася яшчэ на 4 027, свіней – на 3 280 галоў.

У 1970 годзе калгас «Аснежыцкі» атрымаў на 100 гектараў сельгасугоддзяў па 138 цэнтнераў мяса, забяспечыў надой малака на адну карову па 4 132 літры. Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе жывёлы на адкорме дасягнула 867 грамаў.

3 1966 года са стварэннем у Пінску Галоўнага ўпраўлення па асушэнні зямель і будаўніцтве саўгасаў на Палессі пры Міністэрстве меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР (Галоўпалессевадбуд) у раёне разгарнуліся работы па комплекснай меліярацыі. У склад упраўлення ўваходзілі 9 буйных трэстаў, якія спецыялізаваліся на будаўніцтве меліярацыйных і водагаспадарчых комплексаў і саўгасаў.

У структуры сельгасугоддзяў гаспадарак усё больш месца займаюць асушаныя землі. Толькі за першае пяцігоддзе сваёй дзейнасці Галоўпалессевадбуд перадаў калгасам і саўгасам адноўленыя 12 тысяч гектараў раней пераўвільготненых і забалочаных зямель, нарыхтавана і вывезена 600 тысяч тон торфу на ўгнаенне, праведзены культурна-тэхнічныя работы на плошчы больш за 4 000 гектараў.

Адной з новых гаспадарак, што з’явілася на меліяраваных землях на Піншчыне, быў саўгас «Парахонскі». У 1976 годзе хлебаробам было перададзена 2 500 гектараў адноўленых угоддзяў, у 1979 годзе – 4 134 гектара, якія сталі сапраўдным «залатым дном».

З цягам часу сельская гаспадарка ў раёне станавілася высокамеханізаванай галіной. Вядучай фігурай на вёсцы стаў механізатар.

У 1977 годзе на Піншчыне атрыманы самы высокі ўраджай збожжа­вых – 27,9 цэнтнера з гектара, а гэта значыць, што самы вялікі быў і валавы збор збожжа.

На высокім эканамічным узроўні вялі вытворчасць калгасы «Аснежыцкі», «Праца», саўгас «Парахонскі». Прыкладам умелага і эфектыўнага вядзення сельгасвытворчасці з’яўляўся калгас «Аснежыцкі». Вялікі вопыт і талент старшыні калгаса У.А. Ралько былі перадумовай высокіх вынікаў. Сярэднягадавая ўраджайнасць у 10-й пяцігодцы тут склала 46,8 цэнтнера на круг, цукровых буракоў – 483, карма­вых карняплодаў – 680 цэнтнераў з гектара. У калгасе датэрмінова быў выкананы пяцігадовы план продажу дзяржаве малака і мяса.

Павысіўся дабрабыт жыхароў раё­на. За гады 10-й пяцігодкі вяскоўцам было прададзена 375 легкавых аўтамабіляў, 1 005 матацыклаў, 2 515 тэлевізараў, 2 111 радыёл і радыёпрыёмнікаў, 2 190 халадзільнікаў. Сярэднямесячная зарабатная плата рабочых і служачых узрасла на 14,6%. У 1979 годзе яна склала 133 рублі. Аплата працы калгаснікаў вырасла на 30,4% і ў 1979 годзе складала 78 рублёў.

За час 10-й і 11-й (1981-1985 гады) пяцігодак на Піншчыне быў завершаны працэс спецыялізацыі і канцэнтрацыі, які найбольш вызначаўся ў жывёлагадоўлі.

Пошукамі новых падыходаў да вырашэння харчовай праграмы адзначаны 1980-я гады. На фермах укараняўся калектыўны падрад – новая прагрэсіўная форма арганізацыі працы жывёлаводаў.

У 1987 годзе ў раёне быў створаны клуб даярак-чатырохтысячніц. На Гарадзішчанскай ферме калгаса «Дружба народаў», якую ўзначальвала Г.І. Лугіна, за 10 месяцаў 1987 года ўдой на адну карову склаў 4 000 кілаграмаў.

У 1990-я гады ў аграрным сектары пачалі ўкараняцца новыя механізмы гаспадарання, прагрэсіўныя формы арганізацыі працы і яе аплаты, інтэнсіўныя тэхналогіі, працягвалася работа па ўкараненні дасягненняў навукі і тэхнікі, па сацыяльнай перабудове вёскі. Авангардныя пазіцыі займалі калгасы «Аснежыцкі», «Камунар», імя Дзяржынскага, саўгас «Парахонскі». Перамены адбыліся ў калгасах «Шлях Леніна», імя Свярдлова, «Беларусь», імя Катоўскага. У калгасе «Камунар», напрыклад, атрымана збожжавых па 37,2 цэнт-нераў, бульбы – 348, цукровых буракоў – каля 443 цэнтнера з кожнага гектара, мяса па 175,4 і малака – 912 цэнтнераў на 100 га сельгасугоддзяў.

Група працаўнікоў сельскай гаспадаркі Пінскага раёна, узнагароджаных дзяржаўнымі ўзнагародамі. 1966 год. Злева направа: брыгадзір калгаса імя Леніна С.Г. Аляхновіч, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі К.І. Баннікаў, механізатар калгаса імя Кірава І.М. Сярэдзіч, першы сакратар райкома КПБ І.І. Біч, брыгадзір галгаса «Аснежыцкі» Г.Я. Коржыч, старшыня калгаса «Аснежыцкі» У.А. Ралько, брыгадзір калгаса «Аснежыцкі» К.Ф. Хлебус, аграном калгаса «Шлях да камунізму» З.І. Лінкевіч, звеннявы калгаса імя Кірава Я.Р. Бароўскі.

Група працаўнікоў сельскай гаспадаркі Пінскага раёна, узнагароджаных дзяржаўнымі ўзнагародамі. 1966 год. Злева направа: брыгадзір калгаса імя Леніна С.Г. Аляхновіч, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі К.І. Баннікаў, механізатар калгаса імя Кірава І.М. Сярэдзіч, першы сакратар райкома КПБ І.І. Біч, брыгадзір галгаса «Аснежыцкі» Г.Я. Коржыч, старшыня калгаса «Аснежыцкі» У.А. Ралько, брыгадзір калгаса «Аснежыцкі» К.Ф. Хлебус, аграном калгаса «Шлях да камунізму» З.І. Лінкевіч, звеннявы калгаса імя Кірава Я.Р. Бароўскі.

Уведзены ў дзеянне новыя меліярацыйныя аб’екты ў калгасах імя Катоўскага, «Палескі», «Аснежыцкі» і іншых. Будаваліся польдэрныя сістэмы ў кал­гасах «Бальшавік», «Звязда», «Шлях Леніна», імя Горкага. У 17 гаспадарках дзейнічаў арэндны падрад.

Складаным аказалася для працаўнікоў палёў і фермаў апошняе дзесяцігоддзе XX стагоддзя. На вытворчасці сельгаспрадукцыі адмоўна адбіўся разрыў эканамічных сувязей. Меншым стала пагалоўе буйной рагатай жывёлы, кароў, свіней, знізіліся надоі, сутачныя прыбаўленні ў вазе. Сітуацыю не змяніў нават фермерскі рух, які ў гэты час пачаўся на Піншчыне.

XXI стагоддзе Піншчына пачала як буйны вытворца сельгаспрадукцыі. Яе доля ў агульным аб’ёме прадукцыі Брэсцкай вобласці складала каля 9%.

Па матэрыялах артыкула  «У мірнай працы»  С.М. Лазюк, Г.І. Міховіч
(кніга «Памяць. Пінскі раён». Мінск, 2003)

Крыніца: раённая газета «Полесская правда»

Герб Брестской области