Версия для слабовидящих
Печать

Да 80-годдзя Брэсцкай вобласцi. Частка 2-я. Прамысловасць і будаўніцтва Пiнскага раёна

Размещено: .

Панарама цэнтральнай сядзібы саўгаса «Парахонскі» (цяпер ААТ «Парахонскае»). 1980-я гады.

Панарама цэнтральнай сядзібы саўгаса «Парахонскі» (цяпер ААТ «Парахонскае»). 1980-я гады.

4 снежня 2019 года Брэсцкая вобласць адзначыць свой 80-гадовы юбілей. Поспехі Піншчыны ўдала ўпісваюцца ў гісторыю развіцця і дасягненняў усёй вобласці. Напярэдадні яе 80-гадовага юбілею ўспомнім, як развіваўся рэгіён у пасляваенны час і з якімі вынікамі перасягнуў мяжу XX і XXI стагоддзяў.

Прамысловасць і будаўніцтва

У пасляваенныя гады народная гас­падарка раёна атрымала значныя капітальныя ўкладанні. На развіццё сваіх грамадскіх гаспадарак калгасамі за сямігодку (1959 – 1965 гады) выкарыстана 15 120 тысяч  рублёў, у тым ліку на будаўніцтва аб’ектаў культурна-бытавога прызначэння – 907 тысяч рублёў. За гэты перыяд насельніцтвам Піншчыны за свае працоўныя зберажэнні, а таксама з дапамогай дзяржкрэдытаў узведзена каля 2 тысяч жылых дамоў.

Атрымалі развіццё гандаль і грамадскае харчаванне. Калі на пачатак 1956 года на тэрыторыі раёна было 183 гандлёвыя прадпрыемствы, то ў 1966 го-дзе гандлёвая сетка налічвала 204 прадпрыемствы. 3 12 да 32 вырасла за гэты час і колькасць прадпрыемстваў грамадскага харчавання.

Рознічны тавараабарот кааператыўнага гандлю, уключаючы і грамадскае харчаванне, павялічыўся больш чым удвая.

У быт і вытворчасць трывала ўвайшла электрычнасць. За гады сямігодкі пабудавана 4 700 кіламетраў ліній электраперадачы і 470 трансфарматарных падстанцый, што дазволіла ў асноўным электрыфікаваць 24 калгасы з 30.

Поўнасцю была завершана электрыфікацыя калгасаў «Звязда», «Шлях Леніна», «Сцяг», «Прыпяць». У 1940 годзе ў раёне налічвалася толькі некалькі прадпрыемстваў сувязі, а ўжо да пачатку 1966 года іх было 35.

За гады 8-й пяцігодкі ўведзены ў эксплуатацыю новы цагельны завод «Плянта», які працаваў круглы год.

За 1971-1975 гады аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі павялічыўся на 27%. За гэты час на прад-прыемствах устанаўлівалася новае абсталяванне, укараняліся прагрэсіўныя тэхналогіі, павышалася ступень механізацыі працаёмкіх працэсаў, паляпшалася якасць прадукцыі.

Ужо ў 9-й пяцігодцы ў раёне дзейнічалі 7 прамысловых прадпрыемстваў: кансервавы камбінат з гадавой вытворчасцю плодаагароднінных кансерваў на 7 мільёнаў рублёў, вінакамбінат на 562 тысячы дэкалітраў у год, камбінат будматэрыялаў з гадавой вытворчасцю цэглы 14,4 мільёна штук, торфапрадпрыемства «Сушыцкае» – 43 тысячы тон торфу на паліва і 42 тысячы тон – для сельскай гаспадаркі ў год, лясгас, райаб’яднанне «Сельгастэхніка» і яго аддзяленне ў Лагішыне.

У пачатку XXI стагоддзя ў прамысловы комплекс раё­на ўваходзяць 4 прадпрыемствы дзяржаўнай і 8 недзяржаўнай форм уласнасці.

Пры раённым спажывецкім таварыстве дзейнічае дапаможнае прамысловае прадпрыемства «Каапнарыхтоўпрам». Удзельная вага дзяржаўнага сектара ў агульным аб’ёме вытворчасці складае 63,8%. Структура галін па аб’ёму вытворчасці размеркавана наступным чынам: харчовая – 89%, лясная – 5%, лёгкая – 1%, іншыя – 5%. Усяго ў прамысловасці занята 1 111 чалавек, з іх 297 служачых і інжынерна-тэхнічных работнікаў.

Прыкметны ўклад у аднаўленне і пераўтварэнне вёсак робяць будаўнікі. У 9-й пяцігодцы ў гэтай галіне ў раё­не працавала каля 2,5 тысячы чалавек, а аб’ём капітальных укладанняў павялічыўся ў 2,5 раза. Здадзены 6 школ, дзіцячыя дашкольныя ўстановы на 290 месцаў, 13 прадпрыемстваў грамадскага харчавання, бальніца, 2 фельчарска-акушэрскія пункты (ФАПы); арганізаваны 23 комплексныя прыёмныя пункты. Насельніцтвам пабудавана 1 714 новых жылых дамоў. Газіфікаваны 9 173 кватэры калгаснікаў, рабочых і служачых, на 30 кіламетраў павялічылася сетка вуліц з цвёрдым пакрыццём, закладзена 5 паркаў і 28 сквераў.

Перамены працягваліся і ў гады 10-й пяцігодкі. Будаўнікамі ў гэты перыяд асвоена звыш 80 мільёнаў рублёў капіталаўкладанняў.

На меліяраваных землях некалі глу­хой палескай глыбінкі вырас сучасны рабочы пасёлак гарадскога тыпу – цэнтральная сядзіба саўгаса «Парахонскі» з гандлёвым цэнтрам, ФАПам, дзіцячым садам-яс­лямі на 280 месцаў, музычнай школай, лазняй.

Асаблівая ўвага будаўніцтву жылля і аб’ектаў сацкультбыту аддавалася ў гады 11-й пяцігодкі. Пачалі працаваць Ставоцкая сярэдняя школа, гандлёвы цэнтр, школа і 2 дзіцячыя сады ў саўгасе «XXIV з’езд КПСС», магазін і дзіцячыя сады ў калгасах «Праца» і «Усход», Дом культуры ў калгace імя Дзяржынскага. Адчынілі дзверы кліентам райкамбінат бытавога абслугоўвання, майстэрня па рамонце складанай бытавой тэхнікі ў Лагішыне. Толькі за 3 апошнія гады пяцігодкі было ўведзена ў эксплуатацыю жылля агульнай плошчай 48 157 м кв.

У 1999 годзе за кошт усіх крыніц фінансавання асвоена 2 094 мільярды рублёў капітальных укладанняў, з іх 47,3% накіравана на жыллёвае будаўніцтва. Таксама за кошт усіх крыніц фінансавання пабудавана і перададзена навасёлам жылля агульнай плошчай 15 547 м кв.

Вялося будаўніцтва і на сродкі, выдаткаваныя на ліквідацыю вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. За 1991 – 1999 гады з гэтай крыніцы фінансавання ў раёне пабудавана 11 655 м кв. жылля, а таксама 3 бальніцы на 120 ложкаў, тэрапеўтычны корпус на 75 ложкаў, лазнева-пральны камбінат і іншыя аб’екты.

Па матэрыялах артыкула «У мірнай працы» С.М. Лазюк, Г.І. Міховіч
(кніга «Памяць. Пінскі раён». Мінск, 2003)

Крыніца: раённая газета «Полесская правда»

Герб Брестской области