Начальнік аддзела нарматыўнага прававога рэгулявання працоўных адносін і экспертызы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Валянціна Маслоўская на прэс-канферэнцыі БЕЛТА расказала, што зменіцца з 1 студзеня 2024 года ў парадку прадастаўлення дыстанцыйнай і камбінаванай форм работы.
"Дыстанцыйная работа выклікала вялікі інтарэс з моманту, як яна была прадугледжана ў 2020 годзе, найбольш запатрабавана яна была ў перыяд пандэміі. На сёння выкананне дыстанцыйнай работы прадугледжана толькі на пастаяннай аснове, гэта значыць заключаецца працоўны дагавор, які прадугледжвае выкананне работы з дапамогай інфармацыйных тэхналогій праз сетку інтэрнэт. Такая форма работы зручная тым, што наймальніку не трэба абсталёўваць рабочае месца ў арганізацыі, а работнік можа на працягу выканання работы свабодна распараджацца сваім часам. У перыяд кавіду былі крыху зменены падыходы да выканання дыстанцыйнай работы. Была прапанавана варыятыўнасць для наймальніка, калі можна было ўстанаўліваць супрацоўніку работу як у офісе, так і дома. Наймальнікам гэта форма работы спадабалася. Мы таксама прааналізавалі новыя магчымасці ў прымяненні дыстанцыйнай работы. Цяпер Працоўным кодэксам прадугледжана магчымасць прымянення камбінаванай работы. Гэта якраз тая работа, якая дае магчымасць наймальніку чаргаваць: нейкі час выконваць работу дыстанцыйна, а нейкі час - непасрэдна ў офісе. Але для таго, каб супрацоўнік мог працаваць у такім рэжыме, неабходна карэкціроўка працоўнага дагавора, трэба абавязкова праз дадатковае пагадненне ўнесці змяненні наконт гэтага у працоўны дагавор або кантракт", - расказала Валянціна Маслоўская.
Таксама Працоўным кодэксам прапануецца і замацавана магчымасць для наймальніка часова пераводзіць работніка на дыстанцыйную работу - да 6 месяцаў у каляндарным годзе. "Гэта магчыма зрабіць на аснове загада наймальніка, не абавязкова карэкціраваць працоўны дагавор, кантракт, уносіць нейкія дапаўненні, дастаткова выдаць загад. Трэба памятаць, калі наймальнік па сваёй ініцыятыве жадае ўстанавіць для работніка камбінаваную форму работы, то ў такім выпадку наймальнік павінен абгрунтаваць свой падыход, таму што гэта з'яўляецца істотнымі ўмовамі працы для работніка. Гэта значыць ініцыятыва наймальніка прапаноўваць работніку выкананні камбінаванай работы павінна быць абгрунтавана вытворчымі, эканамічнымі і арганізацыйнымі прычынамі ў парадку, вызначаным артыкулам 32 Працоўнага кодэкса", - праінфармавала начальнік аддзела.