6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Скарэкціраваны парадак фарміравання Рэспубліканскага фармуляра лекавых сродкаў. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства аховы здароўя нумар 131 ад 12 верасня 2023 года, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале, паведамляе БЕЛТА.
У прыватнасці, агавораны выпадкі, калі ажыццяўляецца фарміраванне змяненняў і дапаўненняў у фармуляр у экстранным парадку. Размова ідзе аб арганізацыі аказання меддапамогі пацыентам пры пагрозе распаўсюджвання інфекцыйных захворванняў. Гэта датычыцца таксама выпадкаў, калі ў гэтым ёсць жыццёвая патрэбнасць для абмежаванага кантынгенту пацыентаў і адсутнічаюць іншыя эфектыўныя метады аказання меддапамогі і зарэгістраваныя лекавыя прэпараты, уключаныя ў фармуляр.
Інструкцыя аб парадку фарміравання Рэспубліканскага фармуляра дапоўнена палажэннем аб тым, што лекавы сродак можа быць уключаны ў фармуляр умоўна на тэрмін не большы за адзін год. Гэта магчыма ў шэрагу выпадкаў. Напрыклад, калі адсутнічаюць ці не поўнасцю прадстаўлены звесткі аб нацыянальных клініка-эканамічных (фармакаэканамічных) даследаваннях, адсутнічае магчымасць закупак лекавых прэпаратаў, уключаных у фармуляр. Адпаведныя прапановы фарміруюць камісіі, якія ажыццяўляюць працэдуры дзяржзакупак лекавых сродкаў.
Пастановай таксама агавораны крытэрыі прыняцця рашэнняў Рэспубліканскай фармулярнай камісіі аб мэтазгоднасці ўмоўнага ўключэння лекавага сродку ў фармуляр і крытэрыі прыняцця гэтай камісіяй прапаноў аб магчымасці ўмоўнага ўключэння ў фармуляр лякарства для лячэння рэдкіх захворванняў.
Рэспубліканскі фармуляр лекавых сродкаў - спіс лякарстваў з даказанай эфектыўнасцю, дапушчальнай бяспекай, найбольш эканамічна выгадных пры выкарыстанні бюджэтных сродкаў, што выдзяляюцца на ахову здароўя. Згодна з абноўленым дакументам, фармуляр пераглядаецца не радзей за адзін раз у год і ўстанаўліваецца Міністэрствам аховы здароўя пасля яго адабрэння Рэспубліканскай фармулярнай камісіяй у тэрмін, які не перавышае 30 каляндарных дзён.-0-