9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі скарэкціравана адзіная праграма павышэння кваліфікацыі вадзіцеляў катэгорыі В. Адпаведная пастанова Міністэрства транспарту і камунікацый ад 17 верасня 2024 года нумар 83 "Аб змяненні пастановы Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2012 г. нумар 47" уступае ў сілу з 9 кастрычніка. Якія навацыі ўведзены і наколькі запатрабаваны такія паслугі, карэспандэнту БЕЛТА расказаў начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Мінтранса Андрэй Гладкі.
Ён нагадаў, што паводле правіл аўтамабільных перавозак пасажыраў, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 2008 года нумар 972, вадзіцелі павінны не радзей за адзін раз у пяць гадоў праходзіць навучанне па адзіных праграмах павышэння кваліфікацыі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў адпаведнай катэгорыі. Такое патрабаванне з'яўлялася абавязковым з 2015 года, аднак у масавым парадку не выконвалася аўтамабільнымі перавозчыкамі.
Цяпер у рэспубліцы фарміруецца рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах, які ствараецца ў адпаведнасці з указам Прэзідэнта ад 25 студзеня 2024 года нумар 32. Для ўключэння звестак у яго неабходна прадставіць у Транспартную інспекцыю ў тым ліку даведку або сертыфікат аб навучанні ў рамках адукацыйнай праграмы навучальных курсаў (для вадзіцеляў аўтамабіляў-таксі), пасведчанне аб павышэнні кваліфікацыі вадзіцеляў механічных транспартных сродкаў адпаведнай катэгорыі (для вадзіцеляў аўтамабіляў-таксі і легкавых аўтамабіляў - катэгорыя В, для вадзіцеляў аўтобусаў катэгорыі М2 і М3 - катэгорыя D).
"Каб як мага большая колькасць вадзіцеляў змаглі атрымаць неабходныя дакументы і ўключыцца своечасова ў рэестр, была скарэкціравана адзіная праграма павышэння кваліфікацыі вадзіцеляў катэгорыі В. Скараціліся тэрміны павышэння кваліфікацыі з 8 да 5 дзён, а таксама зменшылася колькасць гадзін навучання з 55 да 35. Абноўлены патрабаванні да мінімальнага пераліку навучальнага абсталявання кабінета (класа) па некаторых прадметах", - растлумачыў Андрэй Гладкі.
Паслугі па павышэнні кваліфікацыі вадзіцеляў катэгорыі В аказваюць 40 арганізацый. З улікам попыту з пачатку года іх колькасць узрасла ў разы, толькі за кастрычнік стала больш на сем. "Арганізацыям накіравана інфармацыя, што неабходна прывесці вучэбную і праграмную дакументацыю ў адпаведнасць з патрабаваннямі заканадаўства. Паводле нашых ацэнак, ужо з 14 кастрычніка павышэнне кваліфікацыі павінна пачацца па абноўленай праграме", - расказаў Андрэй Гладкі.
Актуальныя звесткі аб парадку павышэння кваліфікацыі і арганізацыях, якія аказваюць такія паслугі і маюць сертыфікат Нацыянальнай сістэмы пацвярджэння адпаведнасці, размешчаны на сайце Міністэрства транспарту і камунікацый і Транспартнай інспекцыі.
Усяго, паводле даных на пачатак кастрычніка, на курсы павышэння кваліфікацыі вадзіцеляў транспартных сродкаў катэгорыі В у Беларусі запісаліся больш як 5,5 тыс. чалавек. Запіс жадаючых павысіць кваліфікацыю прадаўжаецца, ёсць свабодныя месцы.
Як паведамлялася, аператарам і ўладальнікам рэестра аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах выступае Транспартная інспекцыя. Інфармацыйны рэсурс будзе змяшчаць звесткі аб аўтамабільных перавозчыках, транспартных сродках (аўтобусах, легкавых аўтамабілях, аўтамабілях таксі), вадзіцелях, дыспетчарах аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах і таксі.
Да 31 кастрычніка звесткі ўключаюцца ў рэестр без спагнання дзяржпошліны. З 1 лістапада транспартная дзейнасць і дзейнасць вадзіцеляў у сферы аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах без уключэння звестак у рэестр будзе забаронена.
З адказамі на часта задаваемыя пытанні па ўказе ад 25 студзеня 2024 года нумар 32 "Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў" можна азнаёміцца на сайце Транспартнай інспекцыі.-0-