17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XXIX Мінскі міжнародны кінафестываль (ММКФ) "Лістапад" пройдзе з 17 па 24 лістапада пад слоганам "Ствараем будучыню". Мерапрыемствы фестывалю адбудуцца не толькі ў беларускай сталіцы, але і ў іншых гарадах.
Першы фестываль "Лістапад" адбыўся ў 1994 годзе. Кінафорум быў прызначаны аб'ядноўваць лепшыя карціны (ігравыя і дакументальныя), створаныя на постсавецкай прасторы. Дэбютаваў ён пад назвай "Фестываль постсавецкага кіно "Лістапад". У першых форумах прымалі ўдзел фільмы з Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана. З часам кінафестываль пашырыўся, заваяваў аўтарытэт, а ў 2003 годзе афіцыйна набыў статус міжнароднага. Тады ў Мінску былі прадстаўлены карціны з Польшчы, Расіі, Сербіі, Балгарыі, Чэхіі, ЗША, Ірана, Кітая і Японіі.
Свой вердыкт на конкурсе першапачаткова выносілі журы кінематаграфістаў, журналістаў і гледачоў. У 1996 годзе было прынята рашэнне зрабіць галоўнай узнагародай кінафестывалю прыз сімпатый гледачоў. Да гэтага ўсе тры ўзнагароды (кінематаграфістаў, журналістаў і гледачоў) былі раўнапраўнымі. З 2010 года пераможцу вызначае прафесійнае журы.
У 2001 годзе ўрачыстае адкрыццё "Лістапада" ўпершыню прайшло на галоўнай канцэртнай пляцоўцы краіны - у Палацы Рэспублікі.
У 2023 годзе на фестываль пададзена рэкордная колькасць заявак - 2087 са 107 краін Еўропы, Азіі, Лацінскай Амерыкі і Афрыкі. Як заявіў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада ў час прысвечанай кінафестывалю прэс-канферэнцыі, у першую чаргу гэта сведчыць аб аўтарытэце "Лістапада". Самая вялікая колькасць заявак паступіла з Ірана, Індыі, Расійскай Федэрацыі, Бразіліі і Кітая. Заяўкі прымаліся па пяці намінацыях: конкурс фільмаў "Кіно маладых", конкурс анімацыйных фільмаў, конкурсы ігравога і неігравога кіно і конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік".
Урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця цяперашняга кінафоруму пройдуць у кінатэатры "Дом кіно". Традыцыйна на цырымоніях будуць уручаны спецыяльныя прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве" і "За гуманізм і духоўнасць у кіно". Конкурсныя паказы ММКФ адбудуцца ў кінатэатрах "Піянер", "Цэнтральны" і "Беларусь". Пазаконкурсныя паказы фільмаў пройдуць у кінатэатрах "Цэнтральны", "Дом кіно", "Піянер", у Музеі гісторыі беларускага кіно, на кінастудыі "Беларусьфільм" і ў Мінскай гарадской ратушы.
Валерый Грамада заявіў, што фестываль плануюць адкрыць фільмам "Кіношнікі". У ім шмат адсылак да сусветнага і беларускага кінематографа, якому ў 2024 годзе споўніцца 100 гадоў. Паводле яго слоў, праграму кінафестывалю гэтага года вызначае тое, што прысланыя на конкурс работы ў большасці сваёй накіраваны на папулярызацыю традыцыйных духоўных каштоўнасцей, многія з якіх на постсавецкай прасторы агульныя.
У дні форуму будуць праходзіць майстар-класы і творчыя сустрэчы з вядомымі прадзюсарамі, рэжысёрамі і акцёрамі.
У склад журы XXIX Мінскага міжнароднага кінафестывалю ўвойдуць вядомыя дзеячы і вядучыя эксперты ў галіне кіно міжнароднага класа. Старшынёй журы ў бягучым годзе будзе Ігар Угольнікаў - савецкі і расійскі акцёр, кінарэжысёр, сцэнарыст, прадзюсер, тэлевядучы.
У рамках пазаконкурснай праграмы пройдуць дні казахскага, расійскага, пакістанскага і сірыйскага кіно. У Акадэміі мастацтваў адбудзецца дзень адкрытых дзвярэй, у час якіх будзе арганізаваны паказ кароткаметражных студэнцкіх фільмаў.
У аматараў савецкага кіно будзе магчымасць убачыць любімыя фільмы на экранах кінатэатраў. У рамках кінафестывалю "Лістапад" будуць паказаны карціны: "Я крочу па Маскве", "Шчыра запрашаем, ці Пабочным асобам уваход забаронены", "Міміно", "Сцеражыся аўтамабіля", "Кін-дза-дза".-0-