Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

XIV стагоддзе

05.09.2022 15:09
Насельніцтва - 2 тысячы жыхароў 

У XIV ст. горадам па чарзе валодалі князь літоўскі Гедымін і князь валынскі Андрэй Юр'евіч, польскі кароль Казімір III Вялікі і літоўскі князь Кейстут. У 1379 г. Бярэсце было разрабавана і разбурана тэўтонскімі рыцарамі, але замак аказаўся для крыжаносцаў непрыступным. 

За кароткі час горад адрадзіўся, вёўся ажыўлены гандаль, арганізоўваліся багатыя кірмашы, быў пабудаваны першы гасціны двор. Берасцейскія купцы гандлявалі з размахам: вывозілі ў Еўропу збожжа, футра, скуру, пяньку, лес; увозілі сукно, шоўк, соль, шкло, посуд, паперу, ювелірныя вырабы. Дасягнулі росквіту кавальскае, ганчарнае, швейнае, шавецкае і ювелірнае рамёствы, дрэваапрацоўка, прадзенне і ткацтва. Гараджане займаліся таксама земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем і рыбалоўствам, забяспечваючы сябе ежай. 

У 1390 г. Бярэсце першым сярод беларускіх гарадоў і другім пасля Вільні ў Вялікім Княстве Літоўскім атрымала права на самакіраванне, вядомае як Магдэбургскае права. Горадам кіравала рада, якая выбіралася гараджанамі з ліку буйных купцоў і рамеснікаў. Вялікі князь літоўскі назначаў войта - кіраўніка гарадской рады. 

З таго часу Бярэсцю было дазволена выкарыстоўваць герб і пячатку, якія ў далейшым неаднаразова мяняліся. Самыя вядомыя з берасцейскіх гербаў адлюстроўвалі сярэбраныя лук і стралу на блакітным фоне; шатровую вежу, падобную да берасцейскага данжона, на чырвоным полі на перасячэнні дзвюх рэк; сярэбранага конніка на чырвоным фоне (герб берасцейскага ваяводства пад назвай "Пагоня").
 
Усе навіны
© БРЕСТСКИЙ ОБЛАСТНОЙ ИСПОЛНИТЕЛЬНЫЙ КОМИТЕТ, 2025.