Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй вузла супраціўлення ўмацаванага раёна ў Брэсцкай вобласці

06.10.2023 12:10

6 кастрычніка, Брэсцкая вобласць /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць наведаў вучэбны аб'ект Міністэрства абароны "Вузел супраціўлення", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт азнаёміўся з варыянтам інжынернага абсталявання вузла супраціўлення Кобрынскага ўмацаванага раёна і яго магчымасцямі.

Як далажыў камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Уладзімір Белы, ваенна-палітычная абстаноўка вакол Беларусі застаецца напружанай і сведчыць аб тым, што прымяненне ваеннай сілы па-ранейшаму з'яўляецца адным з асноўных інструментаў, якім карыстаюцца для дасягнення палітычных і эканамічных мэт.

Паводле яго слоў, падзеі ва Украіне паказваюць, што на напрамках, дзе загадзя абсталяваны вузлы супраціўлення, абарона найбольш устойлівая і наступальныя групоўкі войскаў адчуваюць найбольшыя цяжкасці ў пераадоленні абароны праціўніка.

"Адным з падыходаў забеспячэння надзейнай абароны з'яўляецца стварэнне ўмацаваных раёнаў. Іх асноўнае прызначэнне - прыкрыццё найбольш важных у аператыўна-тактычных адносінах раёнаў і верагодных напрамкаў дзеянняў праціўніка з мэтай адбіцця наступлення перавышаючых сіл праціўніка і стварэння ўмоў для дзеянняў нашых войскаў", - падкрэсліў Уладзімір Белы.

Прэзідэнту паказалі месцы размяшчэння асабовага складу, камандна-назіральны пункт камандзіра роты, гаспадарчы блок.

Знаёмячыся з пазіцыямі мотастралковага аддзялення, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніякай паказухі быць не павінна. "Нават калі ўпэўнены, што ні з кім ваяваць не будзем. За паказуху, як за дзедаўшчыну, жалезабетонна спытаем", - папярэдзіў ён.

Аляксандр Лукашэнка агледзеў існуючыя на ўзбраенні і перспектыўныя сродкі для вядзення контрбатарэйнай барацьбы, сродкі сувязі. Потым Прэзідэнту паказалі комплексныя заняткі з узмоцненай мотастралковай ротай з выкарыстаннем элементаў вузла супраціўлення.

Размаўляючы пасля з журналістамі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дзеянні беларускіх ваенных сканцэнтраваны на абароне, але ў той жа час яны павінны ўмець і атакаваць.

"Нам не трэба ўжо будзе на ўзроўні Прэзідэнта выстаўляць і прыводзіць у поўную баявую гатоўнасць нашы падраздзяленні. У нас будзе нямала такіх пунктаў. І мы ў мірны час адпрацуем усе мерапрыемствы для таго, каб загадзя ў выпадку атрымання сігналу аб тым, што суседзі нашы дрэнна сябе паводзяць, заняць гэтыя пункты", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Гэтыя вузлы супастаўлення павінны быць як мінімум цяжка праходнымі для праціўніка, падкрэсліў Прэзідэнт. "Будзем загадзя рыхтавацца да абароны сваёй Радзімы на напрамках верагодных атак нашай дзяржавы", - сказаў ён.

Такіх ліній абароны, але яшчэ больш маштабных, па перыметры беларускай граніцы будзе некалькі. Іх арганізоўваюць з улікам сучасных войнаў, у тым ліку ва Украіне, і рэкамендацый ПВК "Вагнер".-0-

 
Усе навіны
© БРЕСТСКИЙ ОБЛАСТНОЙ ИСПОЛНИТЕЛЬНЫЙ КОМИТЕТ, 2025.