Версия для печати
Размер шрифта:
Фото
Печатать

Турнір па армрэслінгу на прызы асілка Віктара Братчэні правядуць 22 ліпеня ў Брэсце

19.07.2023 10:07
Віктар Братчэня ў час Кубка свету па армрэслінгу ў Заграбе. Фота з асабістага архіва

19 ліпеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце 22 ліпеня пройдзе першы турнір па армрэслінгу на прызы заслужанага майстра спорту, шматразовага чэмпіёна свету і Еўропы Віктара Братчэні. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА сам тытулаваны спартсмен, у гонар якога арганізуюцца спаборніцтвы.

Турнір пройдзе на базе вяслярнага канала (вул. Кастрычніцкай рэвалюцыі, 2). Пачатак - у 12.00. Чакаецца ўдзел амаль 100 спартсменаў з усёй Беларусі. За званне мацнейшага пазмагаюцца як вопытныя атлеты, так і тыя, хто робіць першыя крокі ў гэтым відзе спорту. Узроставых абмежаванняў не прадугледжана.

"Даўно хацеў правесці свае спаборніцтвы, каб паказаць прыгажосць армрэслінга, прыцягнуць моладзь да заняткаў спортам. Цяпер армрэслінгам цікавіцца шмат людзей", - адзначыў Віктар Братчэня.

Турнір у Брэсце арганізаваны пры падтрымцы абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні. Віктар Братчэня мае намер гэтыя спаборніцтвы зрабіць традыцыйнымі. Ужо ёсць планы на наступны год: запрасіць спартсменаў з Расіі і Казахстана.

Сам асілак нядаўна вярнуўся з харвацкага Заграба, дзе з 14 па 16 ліпеня праходзіў Кубак свету па армрэслінгу. Прадстаўнік Брэсцкай вобласці выступаў у вагавой катэгорыі звыш 75 кг па пара-армрэслінгу. Ён заваяваў па залатым медалі ў барацьбе на правай і левай руках, а таксама ў барацьбе на правай руцэ выйграў званне абсалютнага пераможцы Кубка свету.

"У гэтым годзе калекцыяную медалі, падышоў у вельмі добрай форме. Цяпер мы выступаем у нейтральным статусе. Упершыню за апошні час арганізатары мне прапанавалі выступіць у якасці суддзі. Разгледзяць магчымасць, каб выступіў як спартсмен і суддзя на чэмпіянаце свету. Лічу, гэта знакавая падзея. Лёд крануўся. Магчыма, пойдзе пацяпленне, пачнуць дапускаць да судзейства беларусаў", - сказаў Віктар Братчэня. Чэмпіянат свету па армрэслінгу пройдзе ў Казахстане з 24 жніўня па 3 верасня.-0-

 
Усе навіны
© БРЕСТСКИЙ ОБЛАСТНОЙ ИСПОЛНИТЕЛЬНЫЙ КОМИТЕТ, 2025.