Для абароны ад знешніх ворагаў па загадзе валынскага князя Уладзіміра Васількавіча, які валодаў берасцейскімі землямі, у перыяд з 1276 па 1288 гг. у Бярэсці, гэтак жа як і ў Камянцы, была ўзведзена вежа з брусковай цэглы і каменю. Звесткі аб ёй захаваліся ў Іпацьеўскім летапісе, дзе гаворыцца: "В Берестье же седа столп камен высотою яко и каменецкий...". Вежа-данжон у Бярэсці (вышыня - 20 м, таўшчыня сцен - 1,3 м) і Камянецкая вежа маглі адбіць атакі каменямётных машын. Берасцейская вежа служыла цэнтрам абароны і камандным пунктам горада больш за 5 стагоддзяў, пакуль не была разабрана ў 1831 г. у час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці. Камянецкая вежа захавалася да нашых дзён, у ёй створаны музей-філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
У час археалагічных даследаванняў 1968-1980 гг. пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук П.Ф. Лысенкі было знойдзена ўнікальнае Берасцейскае гарадзішча XIII ст. Свету адкрыліся яркія ўзоры побыту, культуры, высокаразвітых рамёстваў еўрапейскага горада ХІ-ХІІІ стст.
Старажытны дзяцінец шчыльна забудаваны драўлянымі дамамі. Падлогі ў дамах, вуліцы і пераходы высланы тоўстымі струганымі дошкамі з хвойных парод дрэў. У традыцыях дрыгавіцкіх плямён выкананы знойдзеныя ювелірныя вырабы: бранзалеты, пярсцёнкі, скроневыя кольцы, колты, шпількі, фібулы, пацеркі. Самшытавы грэбень з разьбой у выглядзе першых 13 літар кірылічнай азбукі - першы і адзіны вядомы буквар таго часу на тэрыторыі Беларусі. Да найбольш каштоўных знаходак таксама адносяцца выразная касцяная фігурка шахматнага караля, упрыгожаная цыркульным арнаментам, і хрысціянскі бронзавы крыж-энкалпіён.