Насельніцтва - менш як 4 тысячы жыхароў
Рамеснікаў - 335
Асоб духоўнага звання - 50
Дваран - 36
Купцоў - 9
Дамоў - 500
У пачатку XIX ст. у горадзе развіваецца лёгкая прамысловасць. Працуюць суконная фабрыка, вінакурны і маслабойны заводы.
У 1812 г., на дзясятыя суткі пасля пачатку вайны з французамі, Брэст становіцца арэнай бітваў, затым аказваецца ў раёне дзеянняў трэцяй рускай арміі генерала А.П. Тармасава. 13 ліпеня 1812 г. руская кавалерыя пад камандаваннем князя А.Р. Шчарбатава і атрад генерала К.А. Ломберга ўрываюцца ў Брэст і разбіваюць два эскадроны ворага, узяўшы ў палон 40 саксонцаў. Горад некалькі разоў пераходзіць з рук у рукі. У снежні 1812 г. французскія войскі канчаткова пакідаюць "негасцінны" Брэст.
Пасля перамяшчэння ваенных дзеянняў у Заходнюю Еўропу сюды прыбываюць тылавыя воінскія часці з Расіі. Да гэтага перыяду адносіцца знаходжанне ў Брэст-Літоўску А.С. Грыбаедава, вядомага рускага драматурга, паэта, музыканта і дыпламата.
У той час большасць гараджан здабывалі сродкі да існавання, займаючыся апрацоўкай зямлі. Горад жыў мерным правінцыяльным жыццём, якое час ад часу парушалі пажары, якія знішчалі значную частку драўляных збудаванняў, што па-ранейшаму пераважалі ў горадзе.
З завяршэннем будаўніцтва шасэйнай дарогі Брэст-Варшава ў 1828 г. прыкметна ажывіліся гандлёвыя сувязі горада.
Пасля зацвярджэння плана будаўніцтва крэпасці на месцы горада Брэст-Літоўска з 1833 г. пачаліся масавыя земляныя работы. Лёс самога горада быў прадвызначаны.
Па Найвысачэйшаму загаду Брэст-Літоўск пераносіцца з тэрыторыі пры зліцці рэк Мухавец і Заходні Буг на два кіламетры на ўсход, а жыхарам выдаецца пазыка на будаўніцтва новых дамоў.
1835 год
Выдатныя пабудовы старога горада былі знішчаны або прыстасаваны для ваенных мэт. У аўгусцінскім кляштары размясцілі Інжынернае ўпраўленне. Кляштар трынітарыяў выкарыстоўваўся для ваенна-рабочай роты, кляштар брыгітак - для арыштанцкай. Комплекс езуіцкага калегіума ў 1836 г. рэканструяваны ў Каменданцкае ўпраўленне, базыльянскі кляштар перабудаваны ў Артылерыйскія казармы, Петрапаўлаўская ўніяцкая царква стала Афіцэрскім сходам, так званым "Белым палацам".
Дамініканскі касцёл спачатку быў перабудаваны ў Фарны, але ў 1848 г. знесены. Кляштары бернардзінак і бернардзінцаў былі пераабсталяваны па праекце архітэктара Мардвінава. У іх размясціўся названы ў гонар цэсарэвіча Аляксандраўскі кадэцкі корпус, царкву якога размалёўваў вядомы мастак У.Бажэнаў. Пасля пераводу корпуса ў 1854 г. у Маскву будынак выкарыстоўваўся як ваенны шпіталь.
Былі знесены прыходскі касцёл, уніяцкія цэрквы св. Тройцы, св. Міхаіла, Спаская царква і іншыя. Праз пяць гадоў пасля ўзвядзення крэпасці стары горад быў цалкам разбураны і перастаў існаваць.
Будаўніцтва крэпасці
У канцы XVIII ст. з мэтай умацавання заходніх рубяжоў Расіі царскі ўрад прымае рашэнне аб збудаванні крэпасці на месцы г. Брэст-Літоўска. Гэта крэпасць павінна была стаць адной з дзевяці цытадэлей, якія меркавалася пабудаваць на заходняй граніцы Расійскай імперыі.
У 1797 г. інжынер-генерал Дэвалан стварыў першы праект будаўніцтва крэпасці на месцы старога горада.
Праз дзесяць гадоў інжынер-генерал Сухцелен зноў прапанаваў выбраць Брэст-Літоўск месцам збудавання крэпасці, але нашэсце Напалеона на Расію ў 1812 г. перашкодзіла ажыццявіць гэты план.
У 1830 г. імператар Мікалай І зацвердзіў канчатковы варыянт будаўніцтва Брэсцкай крэпасці, распрацаваны інжынерамі-генераламі К.І. Аперманам, Н.М. Малецкім і палкоўнікам А.І. Фельдманам. Быў створаны будаўнічы камітэт на чале з Н.М. Малецкім. Агульнае кіраўніцтва будаўніцтвам ажыццяўляў начальнік Заходняй ваеннай акругі інжынер, генерал-маёр І.І. Дзен. Пачатыя земляныя работы былі прыпынены ў 1831 г. з-за паўстання ў Польшчы.
З 1832 г. вышэйшае назіранне за будаўніцтвам было ўскладзена на намесніка Царства Польскага генерала-фельдмаршала, князя Варшаўскага, графа Эрыванскага І.Ф. Паскевіча. Тады ж былі выдзелены і грошы на будаўніцтва. 6 чэрвеня 1833 г. у крэпасці былі зноў пачаты масавыя земляныя работы, часова прыпынены ў тым жа годзе пажарам, які знішчыў большую частку горада Брэст-Літоўска, навакольная мясцовасць якога ператварылася ў велізарную будаўнічую пляцоўку.
1 чэрвеня 1836 г. ва ўрачыстай абстаноўцы была закладзена абарончая казарма ў Цытадэлі - цэнтральным востраве крэпасці. Па старадаўняй традыцыі ў фундамент будучай казармы была замуравана закладная бронзавая дошка на славу імператара Расіі Мікалая Паўлавіча і шкатулка з 21 манетай, сярод якіх былі плацінавы трохрублёвік, дзве залатыя, трынаццаць сярэбраных і некалькі медных манет.
26 красавіка 1842 г. над крэпасцю першага класа ўзняўся трохколерны сцяг Расійскай імперыі. Гэта азначала, што магутнае фартыфікацыйнае збудаванне - Брэст-Літоўская крэпасць - уступіла ў строй дзеючых крэпасцей Расіі.
Агульная плошча крэпасці - 4 квадратныя кіламетры. Рукавы рэк Мухавец і Заходні Буг, абводныя каналы дзялілі яе тэрыторыю на 4 астравы. Цэнтрам і найбольш абароненай часткай крэпасці з'яўлялася Цытадэль. Яе самкнутая двухпавярховая абарончая казарма ў выглядзе многавугольніка даўжынёй 1,8 км са знешнімі сценамі амаль двухметровай таўшчыні кальцом акружала цэнтральны востраў і мела больш за 500 непрыступных для артылерыі казематаў. У двары Цытадэлі размяшчаліся будынкі Арсенала, Інжынернага ўпраўлення, Белага палаца, Гарнізонная царква.
Чацвёра варот з мастамі злучалі Цытадэль з Цярэспальскім, Кобрынскім і Валынскім перадмаставымі ўмацаваннямі, акружанымі абводнымі каналамі і абарончым валам дзесяціметровай вышыні. Іх знешняя лінія перасягала 6,4 км. У тоўшчы валоў знаходзіліся каменныя казематы. 21 мост звязваў прадмесці з крэпасцю.
Брэст-Літоўская крэпасць з'яўлялася выдатным ваенна-інжынерным збудаваннем і цікавым архітэктурна-мастацкім комплексам. У 1840 г. па заказе графа І.Ф. Паскевіча польскі мастак - акадэмік жывапісу М.Залескі адлюстраваў на сваіх карцінах будаўніцтва і першапачатковы выгляд Брэст-Літоўскай крэпасці.
З-за адсутнасці фінансавых сродкаў будаўніцтва крэпасці было прыпынена з 1848 па 1862 год. Да гэтага часу крэпасць Брэст-Літоўск ужо не адпавядала стандартам крэпасці першага класа. У сувязі з удасканаленнем ўзбраення, ростам дальнабойнасці артылерыі крэпасць стала даступнай на ўсю глыбіню яе тэрыторыі. І толькі ў 1864 г. па прапанове рускага інжынера-фартыфікатара Э.І. Татлебена ў крэпасці пачынаюцца работы па патаўшчэнні галоўнага вала, будуюцца дадатковыя ўмацаванні.
У 1878 г. вакол крэпасці будуецца пояс з дзевяці перадавых умацаванняў-фартоў, размешчаных за 3-4 км адзін ад аднаго і аддаленых ад агароджы крэпасці на 3-5 км. Пачаць далейшае ўмацаванне крэпасці было вырашана ў 1909 г. Наступны план рэканструкцыі быў разлічаны на перыяд да 1921 г. Новы пояс з 14 фартоў і 21 апорнага пункта меркавалася стварыць ужо за 6-7 км ад ядра крэпасці. Будаўнічыя работы па ўмацаванні крэпасці прадаўжаліся аж да лета 1914 г., але ў час Першай сусветнай вайны крэпасць не атрымала баявога вопыту.
Новы горад
З 1835 г., за два кіламетры на ўсход ад крэпасці, стаў узводзіцца новы горад. Забудова вялася на тэрыторыі Валынскага, Кобрынскага і Забугскага прадмесцяў (фарштатаў).
Цэнтрам новага горада становіцца Кобрынскае прадмесце, якое размяшчалася на паўночны ўсход ад крэпасці на высокім беразе ракі Мухавец. Незатапляльнае ў паводку, гэта было найбольш зручнае для будаўніцтва месца.
Планы забудовы старога і новага горада шмат у чым адрозніваліся адзін ад аднаго. План разбуранага Брэст-Літоўска ўтваралі радыяльна размешчаныя вуліцы, якія пачыналіся ад цэнтральнай гарадской плошчы і перасякаліся паўкальцавымі вуліцамі. План новага горада прадугледжваў прамыя вуліцы, якія дзялілі яго на невялікія прамавугольныя і трапецападобныя кварталы. Шасэйная вуліца (цяпер праспект Машэрава) стала цэнтральнай у горадзе.
Забудова горада вялася па "ўзорных" праектах. Планы і фасады дамоў у Кобрынскім прадмесці з 1846 г. зацвярджаліся Галоўным упраўленнем шляхоў зносін і публічных устаноў.
З-за блізкасці крэпасці першапачаткова ў горадзе ўзводзіліся пераважна драўляныя будынкі на 1-2 паверхі. Нешматлікія каменныя дамы былі пабудаваны "на густ найноўшай архітэктуры, даволі вытанчаныя і вялікія, а некаторыя нават велізарныя ў адносінах да правінцыі", - пісаў у 1853 г. гісторык П.М. Шпілеўскі ў сваёй кнізе "Путешествия по Полесью и белорусскому краю". Каменныя і драўляныя асабнякі па вуліцы Дваранскай (Міцкевіча) мелі на галоўных фасадах мансарды і порцікі.
У горадзе згодна з планам было некалькі плошчаў. У цэнтры - Базарная, у паўночнай частцы - Думская (плошча Свабоды), Саборная плошча - на перасячэнні вуліц Дваранскай (Міцкевіча) і Мільённай (Савецкая). У 1842 г. на плошчы быў пабудаваны Гасціны двор, у якім размясцілася 178 крам. Пазней узведзены паштовая кантора і станцыя з пасажырскімі пакоямі.
Адразу пасля пераносу горада на новае месца ў паўднёва-ўсходняй частцы Кобрынскага прадмесця (цяпер тэрыторыя ЦЭЦ) быў разбіты гарадскі сад, які размясціўся на беразе ракі Мухавец. У ім быў драўляны летні тэатр унікальнай канструкцыі, у якім сцэна лёгка трансфармавалася ў эстраду, у арэну цырка, у тэатральныя падмосткі.
На тэрыторыі новага горада на сродкі, атрыманыя ў выглядзе кампенсацыі за царкоўную маёмасць, землі і будынкі, адчужаныя ў час будаўніцтва крэпасці, узводзяцца касцёл Св. Крыжа ў 1856 г., сінагога - у 1861 г., пяцікупальны Свята-Сімяонаўскі сабор - у 1865 г.
Значны ўздым, ажыўленне будаўніцтва горад перажывае ў 70-я гады пасля збудавання Днепра-Бугскага канала і чыгунак. У Брэст-Літоўску сышліся рэйкі трох буйных чыгунак - Маскоўска-Брэсцкай, Варшаўска-Цярэспальскай і Паўднёва-Заходняй, якія аказалі велізарны ўплыў на рост колькасці насельніцтва і дынаміку развіцця горада (1862 г. - 20 тыс. чал., 1885 г. - 35 тыс. чал.).
У 1883-1886 гг. па праекце архітэктара В.Лорберга, інжынераў І.Нікалаі і Я.Гарбунова ў Брэст-Літоўску быў пабудаваны з цэглы "значны па велічыні і прыгажосці новы чыгуначны вакзал", які абышоўся казне амаль на 2 мільёны рублёў. Вакзал, які нагадвае сярэдневяковую крэпасць, быў прызнаны адным з лепшых у Расійскай імперыі па прыгажосці і зручнасці. Ад прывакзальнай плошчы сталі пракладваць новыя вуліцы да цэнтра горада і крэпасці.
У канцы стагоддзя ў Брэсце была развіта рамесная і саматужная вытворчасць, а фабрычна-заводская прамысловасць была прадстаўлена невялікімі перапрацоўчымі прадпрыемствамі, таму што ў ваенных мэтах у горадзе было забаронена ўзводзіць высокія будынкі і выцяжныя трубы.
Брэст як гандлёвы цэнтр быў больш значны, чым Мінск, Магілёў, Гомель, Віцебск. Два брэсцкія штогадовыя кірмашы на Дзесятуху (на 10-м тыдні пасля Вялікадня) і на Мікалая (9 мая) лічыліся лепшымі на беларускіх землях. На іх з'язджаліся купцы з розных краін і многіх гарадоў Расіі.
Дабрацца з вакзала ў горад або крэпасць можна было на рамізніках, якія выязджалі да ўсіх пасажырскіх паяздоў. Стаянкай ламавікоў у горадзе была Базарная плошча. Першым грамадскім транспартам Брэст-Літоўска сталі омнібусы - шматмесныя конныя карэты, якія рабілі рэгулярныя рэйсы па горадзе, на вакзал, у крэпасць.
Ноччу Брэст-Літоўск спачатку асвятляўся свечкамі, якія знаходзіліся ўнутры ліхтароў. У далейшым іх замяняюць масленымі ліхтарамі, а затым спіртавымі і газавымі. Асвятленне доўжылася ўсяго толькі 800 гадзін у год, у асноўным у зімовы перыяд. На гэта расходавалася 134 вядры спірту. Асветлены былі толькі вуліцы ў цэнтры горада. Лепш за ўсіх асвятлялася вул. Шасэйная (суч. пр. П.М. Машэрава), па якой часта праязджалі паштовыя дыліжансы, фельд'егеры і розны транспарт.
Паводле даных Усерасійскага перапісу насельніцтва, які праходзіў у 1897 годзе, у Брэст-Літоўску пражывала 46 568 чалавек (з іх: мужчын - 25 509, жанчын - 21 059).