Насельніцтва - 5 тысяч чалавек
Забудаваных участкаў - 928
Рамёстваў - 40 відаў
Да пачатку XV ст. Бярэсце сфарміравалася як гандлёва-рамесны і культурны цэнтр Вялікага Княства Літоўскага. Аднак далейшаму развіццю горада перашкаджалі новыя нападзенні Тэўтонскага ордэна. З 1403 г. крыжакі па некалькі разоў на год учынялі апусташальныя набегі на польскія, літоўскія, беларускія землі. Для распрацоўкі плана процістаяння тэўтонцам у снежні 1409 г. у берасцейскім замку на тайным савеце сустрэліся польскі кароль Ягайла і вялікі князь літоўскі Вітаўт. У перагаворах удзельнічаў і сын татарскага хана Тахтамыша - хан Джэлаладдзін, які быў са сваёй конніцай на службе ў Вітаўта.
За 9 дзён у Бярэсці быў распрацаваны план летняй бітвы і далейшага ходу вайны Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства з крыжакамі.
У Грунвальдскай бітве ў чэрвені 1410 г. аб'яднаныя войскі, якія складаліся з 91 палка (харугвы), уключаючы Берасцейскі, атрымалі перамогу над ваяўнічымі рыцарамі. Зыход вайны з Тэўтонскім ордэнам быў прадвызначаны.
У выніку адміністрацыйнай рэформы Вялікага Княства Літоўскага з 1413 г. Бярэсце ўваходзіць у склад Трокскага ваяводства і становіцца цэнтрам Берасцейскага староства. Ужо ў 1441 г. горад афіцыйна прызнаны адным з 15 галоўных гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. Аб вядомасці Бярэсця сведчыць і той факт, што ў дакументах таго часу сустракаецца мера даўжыні аршын берасцейскі.
У другой палове XV ст. у горадзе адбываюцца значныя палітычныя падзеі - заключэнне мірных дагавораў княства з Тэўтонскім ордэнам на вельмі нявыгадных для крыжакоў умовах.
У Бярэсці пражывае шмат іншаземных гандляроў, якіх мясцовыя жыхары празвалі "нямецкімі" купцамі. Ёсць нават Нямецкая вуліца. Мясцовыя купцы актыўна гандлююць з замежнымі краінамі, вывозяць на Захад сыравіну - скуру, мыла, воск, лой; вырабы мясцовых рамеснікаў - абутак, прадметы вупражы і г.д. Увозяць сукно, шаўкі, пальчаткі, разнастайныя галантарэйныя тавары, люстэркі і да т.п. Важную ролю адыграў увоз у вялікіх колькасцях солі з саляных капалень каля Кракава. На сродкі багатых грамадзян для бяздомных, бедных і састарэлых людзей адкрываецца гарадскі прытулак, першае згадванне пра які адносіцца да 1495 г.
У гэты перыяд страчвае сваё вядучае значэнне Бужанска-Прыпяцкі водны шлях. У процівагу яму павялічваецца роля сухапутных "дарог-гасцінцаў". Найбольш значныя з іх праходзілі праз Бярэсце, у тым ліку адна з дарог злучала сталіцы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага - Кракаў і Вільню. Ад гэтага шляху ў Бярэсце адгаліноўваліся дарогі на Менск, Смаленск, Маскву і праз Валынь - на Кіеў. Казна Вялікага Княства Літоўскага атрымлівала ад берасцейскага мыта (мытні) арэндны ўзнос у суме 700 коп літоўскіх грошай, што было больш, чым давалі мытні Коўна, Уладзімір-Валынскага, Менска і Смаленска разам узятыя, і амаль удвая перавышала ўзнос Кіеўскай мытні і больш як у пяць разоў - Менскай.