Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Галоўная Аб рэгіёне Экскурс у гісторыю

XVII стагоддзе

05/09/2022 16:09
Насельніцтва - 10 780 чалавек
Дамоў - 2156
Вуліц - 49

У першай палове XVII ст. у Брэсце Літоўскім з'яўляюцца новыя жылыя, грамадскія і вытворчыя будынкі. У 1641 г. на Рыначнай плошчы адбудоўваецца новая каменная ратуша, у якой размяшчаюцца гандлёвыя крамы, магістрат і суд. Найбольш значнай з'яўляецца мукамольная вытворчасць - працуюць дзесяць вадзяных млыноў.

Развіваецца адукацыя. У 1623 г. у цэнтральнай частцы горада быў пабудаваны езуіцкі калегіум з бібліятэкай і аптэкай. У калегіуме выкладалася 7 свабодных навук, багаслоўе, лацінская і грэчаская мовы. З 1634 г. тут выкладалі толькі прафесары. Як і ў брацкай школе, у калегіуме падлетак любога саслоўя мог атрымаць адукацыю бясплатна. У ім вучыўся, а пазней працаваў памочнікам рэктара і выкладаў філасофію вядомы мысліцель-атэіст і грамадска-палітычны дзеяч Казімір Лышчынскі, які за свой трактат "Аб неіснаванні Бога" быў у 1689 г. спалены ў Варшаве. У канцы стагоддзя ў калегіуме быў адкрыты першы ў Беларусі школьны тэатр, у якім навучэнцы разыгрывалі п'есы свецкага і царкоўнага зместу, вельмі папулярныя ў гараджан.

XVII ст. для Бярэсця стала часам ваенных узрушэнняў, што звязана з руска-польска-шведскімі войнамі. У 1656 г. пад Бярэсцем з'явіліся шведы, але захапіць горад не змаглі. Праз год шведскае войска зноў асаджвае горад - на гэты паспяхова. Слаба ўмацаванае, з гарнізонам з 400 салдат, Бярэсце было ўзята, разрабавана, многія будынкі спалены. Да гэтага часу адносіцца і першая графічная выява горада на паперы.

Шведскаму каралю Карлу Х Густаву спадабалася прыроднае месцазнаходжанне горада і замка на цяжкадаступных астравах. Ён загадаў мастаку Э.Дальбергу скласці план і зафіксаваць выгляд горада.

На гравюры Э.Дальберга "Аблога Бярэсця шведамі ў 1657 г." паказаны земляныя бастыёны, за якімі на вялікім востраве добра праглядаецца цэнтр горада (цяперашні цэнтральны востраў крэпасці). Там жа ўзвышаюцца высокія, на некалькі паверхаў, дамы ў гатычным стылі, будынкі манастыроў, касцёлаў, цэркваў з мноствам званіц. Мост злучае Ратушную плошчу цэнтральнага вострава з замкам, размешчаным пры зліцці левага рукава ракі Мухавец і Заходняга Буга. Замкавыя вежы ледзь бачны з-за гарадскіх пабудоў.

У 1659 г. Варшаўскі сейм прыняў пастанову аб адкрыцці ў Брэсце Літоўскім манетнага двара для чаканкі дробнай манеты - соліда - з мэтай выплаты доўгу войскам і папаўнення апусцелай дзяржаўнай казны. З-за ваенных дзеянняў і звязаных з імі эканамічных цяжкасцей першы на Беларусі Брэсцкі манетны двор быў адкрыты толькі ў 1665 г. За год яго існавання было выпушчана 240 мільёнаў медных солідаў на суму больш за 2,5 мільёна злотых. Манеты, названыя "барацінкамі", па імені арандатара Кракаўскага манетнага двара італьянца Бараціні, і па сённяшні дзень знаходзяць у нашых землях.

Бернардзінскі комплекс

Размешчаныя на суседнім з замкам востраве кляштары бернардзінцаў і бернардзінак, іх касцёлы, бернардзінскія мост і плошча стваралі ўнікальны цэласны горадабудаўнічы ансамбль. У Бярэсці бернардзінцы з'явіліся, дзякуючы запрашэнню луцка-брэсцкага біскупа Марціна Шышкоўскага, які аддаў манахам свой участак з домам у Валынскім прадмесці і пабудаваў для іх капліцу. У 1605 г. у горадзе былі ўзведзены драўляныя касцёл і кляштар. На шчодрыя ахвяраванні Льва Сапегі і Яна Галемскага пачалося будаўніцтва каменнага касцёла мужчынскага бернардзінскага кляштара. Праз год побач з ім выраслі драўляныя жаночы кляштар і касцёл Св. Дароты, якія ў XVIII ст. былі перабудаваны ў каменныя.

У час вайны са шведамі 1654-1667 гг. касцёл бернардзінцаў быў разабраны для ўмацавання замка. Гетман Вялікага Княства Літоўскага Павел Сапега кампенсаваў манахам урон, выдзеліўшы з казны 80 тысяч злотых на аднаўленне касцёла. Па ўказе караля Рэчы Паспалітай бернардзінскія манахі атрымлівалі ад брэсцкіх мяшчан па 500 злотых штогод.

У 1680 г. касцёл быў адбудаваны нанава ў выглядзе тыповага для Беларусі трохнефавага храма ў стылі барока са скульптурай Хрыста ў арачнай нішы над уваходам. Увенчвала будынак чатырох'ярусная вежа са званіцай. У сямі алтарах былі ўстаноўлены скульптуры святых Францыска, Антонія, Клары. Арнаментальную работу на амвоне і алтары касцёла выконваў разьбяр Булоўскі. Шматколерныя фрэскі на сценах і купалах касцёла распісвалі А.Дэламарс, І.Місенгілевіч, Б.Мазуркевіч. У падзямеллях касцёла былі пахаваны яго заснавальнікі і заступнікі: Пётр Пацей, Ян Галемскі, Аляксандр Звеж, Марціян Трызна, Бернард Арагон.

Будынак кляштара бернардзінцаў, пабудаваны ў стылі тыповага барока, паступова склаўся з трох функцыянальных зон: культавай, жылой (келлі манахаў, трапезная) і вытворчай (пякарня, кухня, кладоўка).

Касцёл жаночага бернардзінскага кляштара быў пабудаваны ў XVIII ст. на месцы драўлянага храма і ўяўляў сабой аднанефавую базіліку з элементамі "віленскага барока". Дзве чатырох'ярусныя вежы, асноўны аб'ём якіх хаваўся ў асноўным памяшканні касцёла, завяршалі галоўны фасад будынка. У касцёле было 6 пазалочаных алтароў. Залачэннем галоўнага з іх займаўся брэсцкі мастак І.Місенгілевіч. Падлога ў касцёле была зроблена з цэглы, перад вялікім алтаром - з дрэва.

Да нашых дзён часткова захаваліся жаночы кляштар, падзямеллі і фундамент асобных частак мужчынскага кляштара.