Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Галоўная Аб рэгіёне Экскурс у гісторыю

ЗАСНАВАННЕ БРЭСТА - 1019 ГОД

03/11/2022 16:11

Горад Брэст - трэці "па ўзросце" горад у Беларусі пасля Полацка (862 г.) і Турава (980 г.). Упершыню ён згадваецца ў "Аповесці мінулых гадоў" пад 1019 годам як вялікае, добра ўмацаванае паселішча.

Вядомы этнограф П.М. Шпілеўскі ў 1863 г. запісаў адну з легенд аб узнікненні першай назвы горада. Яна расказвае пра багатага купца, які са сваімі таварышамі адправіўся з таварам у Літву. Гандлёвы караван прабіраўся па бездарожжы, праз калючыя кусты і дрымучыя лясы. Раптам шлях перагарадзіла балотная дрыгва. Колы павозак намертва ўвязлі, коні не маглі зрабіць ні кроку. Не прывыклі купцы  адступаць ад мэты - насеклі бяроз, пакрылі чорную багну белым бярозавым насцілам. Перайшоў абоз балота па зыбкім, але трывалым бярозавым тракце і спыніўся перадыхнуць каля невялікай рачулкі. Яна непадалёку ўлівалася ў больш шырокую раку і ўтварала з ёй востраў, які густа парос дрэвамі. Аддзякавалі купцы свайму язычніцкаму богу Вялесу за паспяховы пераход балота - у яго гонар пабудавалі на востраве капішча. Зноў рушыў караван... Пасля ўдачнага промыслу ў літоўскіх землях гандляры вярталіся з вялікімі барышамі. Зрабілі прывал каля Вялесавага капішча, зрубілі некалькі хат і вырашылі застацца ў гэтых мясцінах назаўсёды. Не забылі цяжкай дарогі па балотах - назвалі новы горад Бярэсцем...

Але, магчыма, што назва "Бярэсце" пайшла таксама ад слоў "бяроста" (вонкавы слой кары бярозы) або ад "бераст" (від вяза), якія буйна раслі на месцы старадаўняга паселішча.