Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным

Экспарт медыцынскіх паслуг

Развіццё экспарту медыцынскіх паслуг з'яўляецца адным з важнейшых напрамкаў у дзейнасці арганізацый аховы здароўя вобласці. У сувязі з укараненнем новых медыцынскіх тэхналогій і метадаў лячэння, аснашчэннем арганізацый аховы здароўя вобласці высокатэхналагічным абсталяваннем спектр медыцынскіх паслуг, што аказваюцца замежным грамадзянам, пастаянна пашыраецца. У першым паўгоддзі 2019 г. экспартавана медыцынскіх паслуг на суму 1,5 млн дол. ЗША.

Асноўным цэнтрам высокакваліфікаванай і спецыялізаванай медыцынскай дапамогі з'яўляецца ўстанова аховы здароўя «Брэсцкая абласная бальніца».

У кардыяхірургіі і рэнтгенэндаваскулярным аддзяленні праводзяцца ў год да 1000 аперацыйных умяшанняў на сэрцы, у тым ліку аортакаранарнае шунціраванне на працуючым сэрцы і ў рэжыме штучнага кровазвароту, карэкцыя набытых парокаў сэрца, ангіяпластыка і стэнціраванне каранарных артэрый, стэнціраванне буйных сасудаў іншых органаў (ныркі), імплантацыя электракардыястымулятара. Праводзіцца аказанне экстраннай інтэрвенцыйнай дапамогі хворым пацыентам з вострым каранарным сіндромам з устаноўкай стэнтаў у каранарныя артэрыі. Укаранёны гібрыдныя аперацыі стэнціраванне + адкрытыя аперацыйныя ўмяшанні на сэрцы, ангіяпластыка і стэнціраванне трансрадыяльным доступам, рэканалізацыя аклюзіі каранарных артэрый, рэваскулярызацыя міякарда пры вострым інфаркце міякарда, біфуркацыйнае стэнціраванне каранарных артэрый.

У хірургічных аддзяленнях выконваюцца лапараскапічная спленэктамія і эндаскапічная гемітырэаідэктамія пры вузлавой паталогіі шчытападобнай залозы, малаінвазіўныя хірургічныя ўмяшанні пад кантролем УГД: тонкаіголкавая біяпсія нырак, печані, утварэнняў брушной поласці і забрухавіннай прасторы, пункцыя і дрэнаванне жоўцевых праток і ўтварэнняў брушной поласці. Праводзіцца лапараскапічная цыстагастрастамія.

Таракальнымі хірургамі праводзіцца хірургічнае лячэнне: парастэрнальнай дыяфрагмальнай грыжы метадам пазабрухавіннага трансміярэктальнага  грыжасячэння; -рэлаксацыі дыяфрагмы метадам лапара- і таракаскапіі, плікацыі рэлаксаванага купала; -ахалазіі кардыі лапараскапічнай апаратнай эзафагафундастаміяй; -таракаскапічная рэзекцыя лёгкага: таракаскапічная сегмент- і лабэктамія; -эндаскапічная эзафагаэктамія і эндаскапічная пластыка стрававода страўнікавай трубкай, сімультантныя аперацыі (эндаскапічная нефрэктамія + пнеўманэктамія, аортакаранарнае шунціраванне + рэзекцыя лёгкага).

Траўматолагамі і артапедамі выконваецца пратэзаванне тазасцегнавога і каленнага суставаў, артраскапічныя аперацыі з выкарыстаннем эндаскапічнай стойкі.

ЛОР-урачамі выконваецца аперацыя слыхапаляпшэння, рынаастэасептапластыкі пад мікраскопам, умацаванне барабаннай перапонкі храстком пры рэтратымпанальных кішэнях.

У аддзяленні мікрахірургіі вока праводзіцца інтра- і экстракапсулярная экстракцыя катаракты, экстракцыя катаракты з імплантацыяй інтраакулярных мяккіх лінз, аперацыі па выпраўленні касавокасці, аперацыі пры адслаенні сятчаткі, склерапластыка пры прагрэсіруючай міяпіі. Праводзіцца аптычная кагерэнтная тамаграфія і лазерныя мікрахірургічныя ўмяшанні: лазерная каагуляцыя сятчаткі, лазерная дысцызія ВПК, лазерная перыферычная ірыдэктамія пры закрытавугольнай глаўкоме, лазерная задняя сінехіятамія

Ва ўралагічных аддзяленнях укаранёны аперацыі лазернага лапараскапічнага выдалення кіст нырак, лазернай кантактнай урэтэралітатрыпсіі і цысталітатрыпсіі, лазернай рэзекцыі ныркі, лапараскапічнай нефрапексіі. З 2011 года паспяхова праводзіцца  трансплантацыя ныркі.

Таксама паспяхова праводзяцца аперацыі па пластычнай эстэтычнай хірургіі (абдамінапластыка, ліпасакцыя, мамапластыка, мастапексія, блефарапластыка).

УАЗ «Брэсцкі абласны радзільны дом» аказвае высокакваліфікаваную акушэрска-гінекалагічную дапамогу жанчынам і нованароджаным. У родавым аддзяленні практыкуецца індывідуальнае вядзенне родаў. У гінекалагічных аддзяленнях праводзяцца аперацыі пры пухлінах маткі і яечнікаў, апушчэнні і выпаданні палавых органаў, пры захворванні шыйкі маткі. Аснашчэнне сучаснай апаратурай дае магчымасць шырока прымяняць эндаскапічныя методыкі абследавання і лячэння (гістэраскапія, лапараскапія).

Высокакваліфікаваную касметалагічную дапамогу аказваюць урачы-касметолагі Брэсцкага скурна-венералагічнага дыспансера. Імі выконваецца  электраміястымуляцыя, контурная пластыка, мезатэрапія, ін'екцыі батулатаксіну, лімфадрэнаж. Акрамя таго, установа аказвае шырокі спектр лабараторных даследаванняў, у тым ліку ПЛР-дыягностыка ў рэжыме рэальнага часу, а таксама паслугі ў галіне алергалогіі і імуналогіі.

У Брэсцкім абласным кардыялагічным дыспансеры, акрамя кансультацыйнай дапамогі, праводзіцца і экспрэс-дыягностыка (на працягу 1 дня) захворванняў сэрца. У аддзяленні эндаваскулярнай хірургіі ажыццяўляюцца наступныя  ўмяшанні на сэрцы: каранараграфія, ангіяпластыка і стэнціраванне, аортаграфія, імплантацыя электракардыястымулятараў і кардыявертэраў-дэфібрылятараў, стэнціраванне на працуючым сэрцы і ва ўмовах штучнага кровазвароту, устаноўка ўстройстваў дапаможнага кровазвароту ва ўмовах штучнага кровазвароту, хірургічныя аперацыі пры тромбаэмбаліі лёгачнай артэрыі, выдаленне пухлін сэрца, пластыка і пратэзаванне клапанаў і камер сэрца.

Ва УАЗ «Брэсцкі абласны анкалагічны дыспансер» аказваецца высокакваліфікаваная дапамога, заснаваная на сучасных метадах дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі анкалагічных захворванняў. Спецыялісты дыспансера рэгулярна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і замежных медыцынскіх форумах, прысвечаных праблемам анкалогіі. Праходзяць стажыроўку ў РНПЦ АМР імя М.М. Аляксандрава, клініках Польшчы, Італіі, Швейцарыі.

Дзяржаўнай установай «Брэсцкі абласны цэнтр медыцынскай рэабілітацыі для дзяцей з псіханеўралагічнымі захворваннямі «Тонус» праводзіцца комплексная рэабілітацыя дзяцей па індывідуальных праграмах з мэтай дасягнення максімальна магчымай здольнасці дзіцяці дзейнічаць самастойна.

З улікам 10-дзённага бязвізавага ўезду ў турысцка-рэкрэацыйную зону «Брэст» усімі арганізацыямі аховы здароўя, у тым ліку раённымі, распрацаваны праграмы комплекснага абследавання (Check-Up) па розных напрамках на працягу 1-3 дзён.

Поўная інфармацыя аб пераліку паслуг замежным грамадзянам і іх кошце размешчана на інтэрнэт-сайтах арганізацый аховы здароўя вобласці.