Амаль 600 чалавек плануюць прыняць удзел у рэканструкцыі абароны Брэсцкай крэпасці на світанні 22 чэрвеня. Аб гэтым паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Віталь Шчэрба,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Брэст славіцца мужнасцю і патрыятызмам, стойкасцю абаронцаў крэпасці. Штогод ён робіцца цэнтрам прыцягнення 21 і 22 чэрвеня. Горад наведвае вялікая колькасць гасцей з розных рэгіёнаў Беларусі і з-за мяжы. Бягучы год не выключэнне. Больш за 30 дэлегацый прыедуць у Брэст з Расіі і Казахстана. "Мы атрымалі вялікую колькасць заявак ад розных дэлегацый, якія да нас прыедуць. Стараемся зрабіць праграму максімальна насычанай", - адзначыў Віталь Шчэрба.
Так, 21 чэрвеня з 9.00 брастаўчане змогуць наведаць перасовачны музей "Поезд Перамогі". Ён размесціцца каля Музея чыгуначнай тэхнікі на праспекце Машэрава. Убачыць інтэрактыўную экспазіцыю ў абласным цэнтры можна будзе па 23 чэрвеня. "Разлічваем, што прыкладна 3 тыс. чалавек змогуць наведаць "Поезд Перамогі". Білеты ўжо атрыманы і будуць распаўсюджвацца ў першую чаргу сярод працоўных калектываў", - расказаў намеснік старшыні гарвыканкама.
Таксама 21 чэрвеня ў Брэсце сустрэнуць удзельнікаў беларуска-расійскага праекта "Поезд Памяці". Дзеці пазнаёмяцца з горадам, далучацца да памятных мерапрыемстваў у Брэсцкай крэпасці.
Адным з брэндавых мерапрыемстваў стаў ваенна-гістарычны фестываль "22 чэрвеня 1941 года. Брэсцкая крэпасць". Чакаецца, што ў ім прымуць удзел амаль 600 чалавек. Рэканструктары маршам пройдуць па цэнтральных вуліцах горада, далучацца да рэтрапраграмы "Апошні мірны дзень" на вуліцы Савецкай. На світанні 22 чэрвеня (у пяць гадзін раніцы) на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання аматары гісторыі адновяць эпізоды абароны легендарнай цытадэлі над Бугам.
"Цяпер актыўна ідзе мантаж трыбун, рыхтуем сцэнічныя комплексы, вышкі, домікі для таго, каб было відовішчна. Плячо падставіць галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы Брэсцкага аблвыканкама, "Беларусьфільм", ваенна-гістарычны клуб "Гарнізон". Мерапрыемства пройдзе пры падтрымцы абласнога Цэнтра маладзёжнай творчасці. Будзе каля 600 рэканструктараў. У гэтым годзе будзе кавалерыя, плануем самалёт Ан-2 з нашым з абласным ДТСААФ, задзейнічаць тэхніку 1940-х гадоў", - анансаваў Віталь Шчэрба.-0-