24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чакаецца, што больш за 2,7 тыс. удзельнікаў у фармаце анлайн і афлайн прымуць удзел у IV Еўразійскім эканамічным форуме ў Мінску. Аб гэтым паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі член Калегіі (міністр) па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Максім Ермаловіч,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Для ўдзелу ў IV Еўразійскім эканамічным форуме зарэгістравана больш за 2,7 тыс. удзельнікаў. "Сярод іх тыя, хто будзе на самім форуме ў Мінску ў Міжнародным выставачным цэнтры, а таксама тыя, хто будзе падключацца па відэасувязі, - дадаў Максім Ермаловіч. - Форум ужо налічвае 288 спікераў і ўдзельнікаў дыскусій з 26 краін свету. Мерапрыемства чакаецца маштабным, асветліць увесь бягучы парадак дня Еўразійскага эканамічнага саюза і забяспечыць усебаковае абмеркаванне перспектыў развіцця як на ўзроўні дзяржаўных органаў, так і з экспертамі, акадэмічнай супольнасцю, прадстаўнікамі бізнесу".
Паводле слоў міністра ЕЭК, на форуме чакаецца таксама ўдзел прадстаўнікоў Ірана. "Сітуацыя ў Іране асвятляецца сёння ўсімі СМІ, уважліва сочым за тым, што адбываецца ў гэтай краіне. З улікам бягучай абстаноўкі спадзяёмся, што дэлегацыя Ірана прыме ўдзел у поўным складзе. Чакаем прадстаўнікоў розных ведамстваў. Яшчэ да таго, як Іран стаў дзяржавай - наглядальнікам у ЕАЭС, мы актыўна з ім супрацоўнічалі. А пасля надзялення краіны такім статусам супрацоўніцтва вядзецца па ўсіх напрамках", - расказаў ён.-0-