Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Галоўная Навіны

Як распрацоўвалі праграму сацэканамразвіцця на 2026-2030 гады, расказалі ў Мінэканомікі

17/12/2025 09:12
17 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Начальнік галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання Міністэрства эканомікі Аляксей Зубовіч расказаў у праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць" аб тым, як распрацоўвалі праграму сацэканамразвіцця на 2026-2030 гады.

Работа над праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця вялася больш за год. "Мы пачалі яе распрацоўку ў чацвёртым квартале 2024 года. Спачатку трэба было сфарміраваць канцэпцыю - гэта асноўныя палажэнні і падыходы, на аснове якіх грунтавалася ўся праграма. Каб прыцягнуць меркаванні экспертаў, мы вывучалі пазіцыі навуковай супольнасці, даручэнні кіраўніка дзяржавы па навуцы і бізнесе, размаўлялі з дзяржаўнымі органамі аб іх бачанні развіцця на пяць гадоў наперад, - расказаў Аляксей Зубовіч. - Калі канцэпцыя сфарміравалася, на яе аснове ўжо распрацоўвалі саму праграму. Па сутнасці, мы ўпершыню зрабілі так, што канцэпцыя стала асновай самой праграмы - прапрацавалі яе вельмі дэталёва".

Затым праграму напоўнілі новым зместам. Важнай падзеяй сталі выбары Прэзідэнта: ён абазначыў свае пасылы аб развіцці Беларусі, і насельніцтва іх падтрымала. "Мы ўлічылі гэтыя ідэі - з інаўгурацыйнай прамовы, перадвыбарных выступленняў і парад у час назначэння ўрада - і дапрацавалі праграму адпаведна. Пасля гэтага Прэзідэнт вырашыў яшчэ раз уважліва прагледзець дакумент разам з экспертамі, навуковай супольнасцю і дэлегатамі УНС. Стварылі рабочую групу, якая праверыла праграму і ўнесла неабходныя карэкціроўкі", - удакладніў начальнік галоўнага ўпраўлення.

Аляксей Зубовіч пералічыў, якія менавіта дапрацоўкі былі зроблены: "У асноўным яны закранулі дадатковыя прыярытэты, перш за ўсё ў сферы абароны. Таксама ўвялі асобны блок па маладзёжнай палітыцы і скарацілі колькасць індыкатараў".

У праекце праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку вызначана некалькі ключавых прыярытэтаў. Асноўныя з іх звязаны з развіццём чалавека: дэмаграфічная бяспека, развіццё чалавечага патэнцыялу, стварэнне спрыяльнага і якаснага асяроддзя для жыцця. Далей ідуць развіццё канкурэнцыі, тэхналогій, лічбавізацыі эканомікі. А яшчэ сярод прыярытэтаў - моцныя рэгіёны, развіццё абароннага сектара, павышэнне абараназдольнасці краіны, а таксама турыстычны патэнцыял.-0-

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.