1 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Юбілейны XXX Мінскі міжнародны кінафестываль (ММКФ) "Лістапад"
пройдзе ў Беларусі з 1 па 8 лістапада пад лозунгам "Кіно са знакам якасці".
Першы фестываль "Лістапад" адбыўся ў 1994 годзе. Кінафорум быў прызначаны аб'ядноўваць лепшыя карціны (ігравыя і дакументальныя), створаныя на постсавецкай прасторы. Дэбютаваў ён пад назвай "Фестываль постсавецкага кіно "Лістапад". У першых форумах прымалі ўдзел фільмы з Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана. З часам кінафестываль пашырыўся, заваяваў аўтарытэт, а ў 2003 годзе афіцыйна набыў статус міжнароднага. Тады ў Мінску былі прадстаўлены карціны з Польшчы, Расіі, Сербіі, Балгарыі, Чэхіі, ЗША, Ірана, Кітая і Японіі.
Свой вердыкт на конкурсе першапачаткова выносілі журы кінематаграфістаў, журналістаў і гледачоў. У 1996 годзе было прынята рашэнне зрабіць галоўнай узнагародай кінафестывалю прыз глядацкіх сімпатый. Да гэтага ўсе тры ўзнагароды (кінематаграфістаў, журналістаў і гледачоў) былі раўнапраўнымі. З 2010 года пераможцу вызначае прафесійнае журы.
У 2001 годзе ўрачыстае адкрыццё "Лістапада" ўпершыню прайшло на галоўнай канцэртнай пляцоўцы краіны - у Палацы Рэспублікі.
Галоўнымі тэмамі юбілейнага XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" стануць 100-годдзе беларускага кіно і 30-годдзе фестывалю. Запланавана вялікая пазаконкурсная праграма і паказы кінакарцін, якія былі адзначаны ўзнагародамі фестывалю ў мінулыя гады.
У 2024 годзе для ўдзелу ў фестывалі было пададзена больш за 3,4 тыс. заявак са 124 краін свету. Будуць прадстаўлены традыцыйныя конкурсныя праграмы: ігравое, неігравое, анімацыйнае кіно, фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік", "Кіно маладых".
Акрамя таго, у бягучым годзе ў конкурсную праграму кінафестывалю вернуты два конкурсы: нацыянальны і нацыянальных кінашкол. У нацыянальным конкурсе будуць паказаны фільмы, створаныя таленавітымі беларускімі рэжысёрамі. У конкурсе нацыянальных кінашкол будуць прадстаўлены яркія студэнцкія работы прадстаўнікоў вядучых кінематаграфічных ВНУ.
Цырымоніі адкрыцця і закрыцця юбілейнага кінафестывалю пройдуць на сцэне Палаца Рэспублікі. Адкрыецца "Лістапад" беларуска-расійскай стужкай "Чорны замак", створанай па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча "Чорны замак Альшанскі".
Паказы фільмаў адбудуцца ў кінатэатрах "Перамога", "Мір", "Цэнтральны", "Піянер" і "Беларусь".
Таксама ў кінатэатры "Перамога" пройдуць Дні нацыянальнага кіно, на якіх акрамя кінакарцін будуць прэзентаваны выставы, прысвечаныя краінам-удзельніцам. Беларусы змогуць убачыць рэдкае і экзатычнае кіно. Выбраны карціны з Індыі, Ірана, Пакістана, Узбекістана, Зімбабвэ і Рэспублікі Саха (Расія).
У склад журы XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю ўвойдуць вядомыя дзеячы і вядучыя эксперты ў галіне кіно міжнароднага класа.
Арганізатары "Лістапада" абяцаюць насычаную праграму. У рамках фестывалю, акрамя конкурсных і пазаконкурсных паказаў, будуць арганізаваны дні адкрытых дзвярэй на кінастудыі "Беларусьфільм". Таксама пройдуць творчыя сустрэчы і майстар-класы ад прафесіяналаў кінаіндустрыі.-0-