25 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Завяршыўся афіцыйны візіт урадавай дэлегацыі на чале з прэм'ер-міністрам Аляксандрам Турчыным ва Узбекістан, сума падпісаных кантрактаў і пагадненняў - амаль $110 млн. Аб гэтым
паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.
Пытанні паглыблення двухбаковага супрацоўніцтва абмеркаваны на сустрэчы Аляксандра Турчына з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым. У праграме двухдзённага візіту таксама былі перагаворы з прэм'ер-міністрам Узбекістана Абдулой Арыпавым і наведванне шэрага вытворчых пляцовак. Прэм'ер-міністр Беларусі азнаёміўся з дзейнасцю Самаркандскага аўтамабільнага завода (SamAuto), які вось ужо чвэрць стагоддзя адыгрывае ключавую ролю ў развіцці транспартнай інфраструктуры Узбекістана. Акрамя таго, кіраўнік беларускага ўрада наведаў шоу-рум групы кампаній SAG (Sam Antep Gilam) - буйнейшага холдынга Цэнтральнай Азіі па вытворчасці дываноў і тэкстылю. Таксама Аляксандр Турчын азнаёміўся з прэзентацыяй вытворчых магутнасцей групы кампаній "Сервалюкс", якая ва Узбекістане рэалізуе інвестыцыйны праект па стварэнні аграпрамысловага комплексу, які спецыялізуецца на вытворчасці мяса птушкі і камбікорму.
У Ташкенце прэм'ер-міністр усклаў вянок да манумента Незалежнасці ў парку "Янгі Узбекістон" - 60-метровай стэлы, увянчанай інсталяцыяй птушкі хумо, якая з'яўляецца сімвалам міру, працвітання і свабоды. Таксама Аляксандр Турчын наведаў вытворчы комплекс ТАА TEXNOPARK, размешчаны ў Яшнабадскім раёне сталіцы на тэрыторыі былога Ташкенцкага авіяцыйнага завода. Акрамя таго, кіраўнік беларускага ўрада наведаў міжнародны гандлёвы цэнтр "Тэрмез".
Аляксандр Турчын таксама прыняў удзел у чацвёртым пасяджэнні Узбекска-беларускага дзелавога савета.-0-