16 лістапада, Клімавічы /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля прылёту ў Клімавічы нагадаў чыноўнікам аб задачы ўключэння ў абарот пустуючых прысядзібных і прыфермерскіх участкаў,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Па ўсёй краіне і асабліва тут - прысядзібныя ўчасткі, прыфермерскія ўчасткі, асабліва былыя фермы. Фермы няма, адна вежа стаіць там. Вакол ні вёсак, ні пасёлкаў, нічога няма. І гектараў 20 неўзараных зямель. Гэта, вядома, непарадак. Таму трэба неяк нам гэтым заняцца", - падкрэсліў беларускі лідар.
З гэтай задачай Аляксандр Лукашэнка звярнуўся ў першую чаргу да старшыні пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі і ўпаўнаважанага прадстаўніка кіраўніка дзяржавы ў Магілёўскай вобласці Леаніда Зайца. "Трэба табе, напэўна, ужо і гэту праблему ўзяць на кантроль. Калі нешта трэба, гавары. Губернатараў таксама трэба ў гэтым плане падганяць, асабліва старшынь райвыканкамаў. Гэта іх землі лічы. Іх трэба ў парадак прыводзіць. І ўмеюць жа рабіць", - даручыў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што на гэтыя пытанні трэба звяртаць увагу не толькі каля так званых неперспектыўных вёсак, але і ў аграгарадках. Гэта звязана з тым, што большасці людзей ужо не патрэбны вялікія плошчы зямлі пад сельскагаспадарчыя работы.
"Людзі не хочуць працаваць на паўгектара зямлі, 40 сотак. Сёння гэта не трэба. Яны (працуюць. - Заўвага БЕЛТА), калі добры гаспадар, на 6-10 сотках каля дома. А астатняе кінута", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.-0-