14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным прадстаўнікам розных сфер. Урачыстая цырымонія арганізавана напярэдадні Дня народнага адзінства ў Палацы Незалежнасці,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Дзень народнага адзінства вярнуўся ў нацыянальны святочны каляндар пяць гадоў таму. Дату 17 верасня 1939 гады Прэзідэнт назваў важнейшым этапам у станаўленні нацыянальнай дзяржаўнасці. "Пасля вяртання заходніх зямель у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі мы сталі адзіным народам з агульнымі гісторыяй, культурай, мовай, якія ў Заходняй Беларусі пад прыгнётам польскай дзяржавы былі забаронены. Гэта факт", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Сёння гэта цяжка ўявіць, але так было. Як былі і беларусы, якія не шкадавалі жыцця, каб мы "маглі людзьмі звацца". Такіх людзей было нямала, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - І хоць мы сталі шырока адзначаць Дзень народнага адзінства нядаўна, да апошняга, часам празмерна імкнучыся берагчы пачуцці заходняга суседа, гэта дата ўсё ж такі была ў сэрцы нашага народа. І пацвярджэнне таго - амаль 200 вуліц, праспектаў, плошчаў і бульвараў, названых у гонар гэтай даты - 17 верасня".
Прэзідэнт заўважыў, што свята прыжылося і палюбілася, заняло пачэснае месца ў адным шэрагу з галоўнымі святамі - Днём Перамогі і Днём Незалежнасці.
"Гісторыя не раз даказвала: што б ні адбывалася, беларусаў купіць немагчыма, іх немагчыма запалохаць і раз'яднаць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў усім узнагароджаным за тое, што яны робяць для краіны, за сумленную працу, талент, бяссонныя ночы і работу без выхадных. "А без гэтага такіх высокіх вынікаў, якіх вы дасягнулі, не бывае", - адзначыў ён. Прэзідэнт таксама нагадаў, што за многімі ўзнагародамі, нават асабістымі, стаіць праца цэлых калектываў, без якіх значныя персанальныя дасягненні ў розных галінах былі б немагчымымі.
"Ордэны, медалі і ганаровыя званні - знак таго, што краіна бачыць і цэніць вашы намаганні. Гэта падзяка ад мільёнаў суайчыннікаў і, зразумела, асабіста ад мяне - за мір, дабрабыт, шчаслівую сучаснасць і цудоўную будучыню. Такія людзі, як вы, заўсёды імкнуцца да новага, дасканалага і сваёй працай паказваюць нам прыклад высокага служэння нашай Айчыне", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ад усяго сэрца павіншаваў прысутных з заслужанымі ўзнагародамі і пажадаў ім моцнага здароўя, міру, дабра і новых дасягненняў на карысць Радзімы.
Кіраўнік дзяржавы ўзнагародзіў ордэнам Працоўнай Славы адкрытыя акцыянерныя таварыствы "Планар" і "ІНТЭГРАЛ" - кіруючая кампанія холдынга "ІНТЭГРАЛ", а таксама токара-расточніка цэха доследнай вытворчасці №1 ААТ "Мінскі трактарны завод" Уладзіміра Флейту.
Ордэна Айчыны ІІІ ступені ўдастоена генеральны дырэктар ААТ "Малочны Мір" Марына Анікеева, ордэна Пашаны - намеснік старшыні па вытворчасці СВК імя Дзеншчыкова Гродзенскага раёна Генадзь Эйсмант і старшыня СВК "Азёры Гродзенскага раёна" Аляксандр Шышко.
Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны загадчык кафедры біяхіміі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Уладзімір Лялевіч і артыст заслужанага калектыву Беларусі "Нацыянальны Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь" Ганна Міркас.
Кіраўнік дзяржавы ўручыў медалі "За працоўныя заслугі", спецыяльныя лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта, а таксама нагрудныя знакі тым, хто ўдастоены ганаровых званняў.-0-