29 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Масавая вакцынацыя супраць грыпу прадоўжыцца да 1 снежня, але рабіць прышчэпкі ў індывідуальным парадку будуць і пасля гэтага,
расказала намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Дашкевіч у праекце "Краіна гаворыць" на тэму "Арганізацыя работы сістэмы аховы здароўя ў перыяд уздыму сезонных вірусных захворванняў".
"Кампанія вакцынацыі ў самым разгары. Яна стартавала 3 кастрычніка. Завяршэнне масавай кампаніі вакцынацыі плануецца да снежня. Але гэта не значыць, што 1 снежня арганізацыі аховы здароўя закрыюць гэта пытанне, - сказала Ала Дашкевіч. - Застанецца нейкая частка людзей, як правіла, гэта адзінкі, якія па якіх-небудзь прычынах у кастрычніку-лістападзе не змогуць зрабіць прышчэпку. У індывідуальным рэжыме яны змогуць зрабіць гэта і пазней".
Намеснік галоўнага ўрача адзначыла, што кастрычнік-лістапад - аптымальны перыяд для масавай вакцынацыі. На фарміраванне імунітэту патрэбна ў сярэднім 2-3 тыдні.
Паводле слоў Алы Дашкевіч, кампанія вакцынацыі праходзіць даволі актыўна ва ўсіх рэгіёнах. "Калі гаварыць пра краіну ў цэлым, гэта больш за 360 тыс. чалавек па стане на 17 кастрычніка, - сказала яна. - У бягучым годзе асноўны акцэнт і асноўная задача - забяспечыць вакцынацыю асоб, якія адносяцца да груп рызыкі".
Намеснік галоўнага ўрача растлумачыла, што па нарматыўных дакументах ёсць дзве вялікія групы рызыкі. Першая група - людзі, у якіх высокая рызыка развіцця ўскладненняў і неспрыяльных наступстваў пасля захворвання. Гэта дзеці ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дзеці і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, з імунадэфіцытнымі станамі, цяжарныя жанчыны, людзі ва ўзросце 65 гадоў і старэйшыя. Да другой групы рызыкі адносяцца людзі, якія ў выніку сваёй прафесійнай дзейнасці схільныя да высокай рызыкі заражэння.
Ала Дашкевіч звярнула ўвагу, што вакцынацыя ў Беларусі не толькі супраць грыпу, але і іншых інфекцыйных захворванняў добраахвотная.-0-
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.