Уплыў штучнага інтэлекту, парады школьнікам, новыя праекты і ініцыятывы жыхароў - аб чым гаварылі на сустрэчы ў Баранавічах з міністрам культуры Маратам Маркавым у час рэспубліканскага інфармацыйна-асветнага праекта "Пульс краіны: факты, трэнды, сэнсы",
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сустрэча прайшла ў гарадскім Доме культуры. У ёй прынялі ўдзел каля 700 чалавек. Кола тэм, якія ўздымалі, шырокае - ад грамадска-палітычных да прафесійных. Размова доўжылася каля дзвюх гадзін.
Задаючы тон дыялогу, Марат Маркаў звярнуў увагу на ўзрастаючую ролю штучнага інтэлекту і неабходнасць крытычна ацэньваць даныя, якія выдае пошукавік на запыт у інтэрнэце. Ён прывёў такія лічбы: 69% карыстальнікаў не правяраюць інфармацыю, хоць яшчэ год таму тых, хто ставіў адказы пад сумненне, было больш. "ШІ можа памыляцца. Трэба ўмець аналізаваць інфармацыю, фарміраваць уласны светапогляд выключна на фактах", - падкрэсліў ён.
Першае пытанне, якое адрасавалі спікеру, было аб тым, які нацыянальны кантэнт - відэаролікі, фільмы - ствараецца для моладзі, каб папулярызаваць беларускія традыцыі і каштоўнасці. Марат Маркаў расказаў аб апошніх праектах, якія ў тым ліку згенерыраваны з дапамогай нейрасеткі. Адзін з іх - "Ажыўшыя помнікі". На думку Марата Маркава, магчымасці сучасных тэхналогій трэба шырэй прымяняць у працэсе навучання. Разам з тым пакуль недастаткова прававога рэгулявання.
"Мы ў гэтым напрамку дакладна будзем працаваць. Варыянтаў шмат. Міністэрства культуры плануе выступіць у якасці заказчыка пэўнага відэаматэрыялу, у тым ліку для сеткі Інтэрнэт, ТБ", - расказаў Марат Маркаў.
Дырэктар дзіцячай мастацкай школы мастацтваў горада Баранавічы Анатоль Лабкоўскі выступіў з прапановай падтрымаць выпускнікоў школ мастацтваў, даўшы ім прэферэнцыі, напрыклад, дадатковыя балы, пры паступленні ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы адпаведнага профілю. Марат Маркаў адзначыў, што логіка ў такім падыходзе ёсць, але ў той жа час гэта несправядліва ў адносінах да таленавітых дзяцей, якія па розных прычынах не мелі магчымасці вучыцца ў ДШМ. Змяненні ўносіць не плануецца, а падобныя ініцыятывы, на думку міністра, павінны праходзіць праз працэдуру грамадскіх абмеркаванняў.
Інжынер-канструктар прадпрыемства "Гандальмаш" Аляксей Коржык як актыўны ўдзельнік маладзёжнага руху занепакоены, што на наступных прэзідэнцкіх выбарах можа паўтарыцца сцэнарый 2020 года.
"Вялікая колькасць сродкаў масавай інфармацыі і грамадскіх арганізацый тады працавалі выключна на развал краіны, атрымліваючы гранты з-за мяжы. Урокі вывучаны. Нас большасць. Задача дзяржавы - дакладна рэгуляваць сваю інфармацыйную прастору, у першую чаргу з дапамогай традыцыйных СМІ, але ў тым ліку актыўна працуючы ў інтэрнэце, праводзіць такія сустрэчы з людзьмі, вырашаць іх пытанні, максімальна мабілізаваць на тое, каб у патрэбны момант яны маглі абараніць саміх сябе. У 2020 годзе верагоднасць знешняга ўмяшання ў справы Беларусі была высокая, калі б грамадства сапраўды раскалолася і тыя, хто выйшаў на вуліцу, пачалі дабівацца поспехаў", - лічыць Марат Маркаў.
Дырэктар Палаца дзіцячай творчасці Людміла Дземідовіч прапанавала запусціць рэспубліканскую праграму партнёрства, якая прадугледжвае правядзенне прафесійнымі тэатрамі майстар-класаў для аматарскіх студый з далейшай магчымасцю для хлопчыкаў і дзяўчынак атрымаць эпізадычныя ролі ў спектаклях. "Патрэбнасць у маладых акцёрах заўсёды існавала. Прапанова правільная. Паспрабуем рэалізаваць, прынамсі, зробім першыя крокі", - запэўніў міністр.
Настаўніка гімназіі №3 горада Баранавічы Алу Болтуць цікавіла меркаванне аб тым, што павінен ведаць кожны школьнік пра беларускую культуру. Марат Маркаў лічыць, што абавязкова трэба пазнаёміць дзяцей з творчасцю сусветна вядомых мастакоў і скульптараў - ураджэнцаў Беларусі. Таксама важна наведаць найбольш значныя помнікі архітэктуры, Брэсцкую крэпасць, Хатынь, музей гісторыі ВАВ, Нацыянальны мастацкі музей і іншыя знакавыя для краіны музеі, пабываць хоць раз на маштабных фестывалях, якія праводзяцца ў рэгіёнах. На думку міністра, беларусы яшчэ не ў поўнай меры адкрылі для сябе багаты патэнцыял роднага краю.
Таксама ўдзельнікі сустрэчы гаварылі аб неабходнасці пашырэння інфармацыйнай прысутнасці Беларусі ў расійскіх рэгіёнах, магчымасцях самарэалізацыі ў творчасці, як не згубіцца ў багацці забаўляльнага і адукацыйнага кантэнту, развіцці студатрадаўскага руху.
Уздымалася і тэма аплаты працы работнікаў сферы культуры. "Гэта пытанне патрабуе цэнтралізаванага вырашэння і падыходу. Будзем праблемай займацца", - сказаў Марат Маркаў.
Падводзячы вынік амаль двухгадзіннай размовы, міністр культуры адзначыў, што адбыўся цікавы дыялог. Праект "Пульс краіны: факты, трэнды, сэнсы" - магчымасць атрымаць зваротную сувязь. Сустрэчы, якія прайшлі, паказалі: глабальных праблем, што патрабуюць рашучага ўмяшання дзяржавы і садзейнічаюць дэцэнтралізацыі грамадства, няма. "Гучалі прадметныя пытанні, у тым ліку са сферы культуры. Яны ў далейшым трансфармуюцца ў канкрэтныя дзеянні або будуць рэтрансліраваны на больш высокі ўзровень", - падкрэсліў міністр.
"Сустрэча была напоўнена сэнсамі. Пачулі вектары развіцця культуры, працуем ва ўнісон. Спадзяюся, што станем арганізатарамі і ўдзельнікамі праекта, які ініцыявалі", - падзялілася ўражаннямі Людміла Дземідовіч.
Дырэктар Баранавіцкага краязнаўчага музея Наталля Шэстак асабліва адзначыла добразычлівую атмасферу. "Усе атрымалі адказы на пытанні, якія цікавілі. Тэмы ўздымаліся рознабаковыя. Мне былі бліжэй тыя, якія датычыліся сферы культуры", - расказала яна.-0-