Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Галоўная Навіны

Прэзідэнт даручыў дапрацаваць падыходы да навацый у сферы ліцэнзавання

10/09/2026 16:09
10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі даручыў дапрацаваць падыходы да навацый у сферы ліцэнзавання. Аб гэтым па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы журналістам заявіў міністр эканомікі Юрый Чабатар, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Тэмай нарады ў Прэзідэнта сталі пытанні ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці. На разгляд быў вынесены падрыхтаваны Міністэрствам эканомікі праект закона "Аб змяненні законаў па пытаннях ліцэнзавання".

Як адзначыў Юрый Чабатар, цяпер у Беларусі ліцэнзуюцца 38 відаў дзейнасці, якія ўмоўна можна падзяліць на чатыры блокі. Першы датычыцца аховы жыцця і здароўя насельніцтва, другі - фінансавых патокаў, трэці - бяспекі грамадзян і абароны ў прававым фармаце, чацвёрты - нацыянальнай бяспекі. Тыя ці іншыя змяненні было прапанавана ўнесці ў 28 відаў дзейнасці. Па выніках праведзенай дыскусіі Прэзідэнт даручыў дапрацаваць падыходы да навацый у сферы ліцэнзавання.

Пры дапрацоўцы гэтых падыходаў была пастаўлена задача абмеркаваць навацыі з грамадскасцю і профільнымі спецыялістамі. Пры гэтым прапанаваныя меры павінны вырашаць канкрэтныя задачы ў сферы ліцэнзавання. Акрамя таго, разглядалася магчымасць больш актыўнага падключэння профільных ведамстваў і міністэрстваў для прыняцця тых ці іншых рашэнняў.

"Прэзідэнт даў правільныя і ёмістыя даручэнні: ці ёсць неабходнасць рэгуляваць усе гэтыя віды дзейнасці з пазіцыі закона аб ліцэнзаванні або варта глядзець на гэта з пункту гледжання галіновага рэгулявання?" - сказаў Юрый Чабатар.

Яшчэ адно пытанне, якое ўзнімалася на нарадзе, датычылася самога тэрміна "ліцэнзаванне": ці з'яўляецца гэта абмежаваннем або ўсё ж такі стварае пэўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання? "Усё ж такі мы разглядаем ліцэнзаванне як стварэнне ўмоў перш за ўсё для роўнай канкурэнцыі сярод суб'ектаў гаспадарання. Уносімыя змяненні і прапановы мы адпрацавалі з той пазіцыі, каб было лягчэй і суб'ектам гаспадарання, і ў грамадзян была ўпэўненасць, што адпаведныя паслугі прадастаўляюцца комплексна і прафесійна", - адзначыў кіраўнік Мінэканомікі.

У цэлым асноўныя пытанні ліцэнзавання ў Беларусі ўрэгуляваны адпаведным законам ад 2023 года. На нарадзе Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на наступны важны момант, звязаны з гэтым нарматыўна-прававым актам. Справа ў тым, што ў выпадку прыняцця якога-небудзь ведамаснага закона, які датычыцца аднаго з падліцэнзійных відаў дзейнасці, адпаведныя змяненні ў далейшым даводзіцца ўносіць і ў сам закон аб ліцэнзаванні.

"Заўтра мы прымаем які-небудзь ведамасны закон, прапісваем у ім тое, што запатрабуе змянення ў гэты фундаментальны асноўны закон аб ліцэнзаванні. А далей будзем прымаць падзаконныя акты, законы і гэтак далей, якія будуць патрабаваць змянення ў асноўны закон. Як былы дэпутат, не зусім разумею, навошта гэта. Гэта ж фармальнасць. Калі мы ў новым ведамасным законе прынялі нейкую норму, мы разумеем, што спатрэбяцца змяненні ў асноўны закон. Пытанне ў тым, як гэтага пазбегнуць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы агучыў заканамернае пытанне: як зрабіць так, каб у выпадку прыняцця таго ці іншага ведамаснага закона не даводзілася мяняць асноўны закон аб ліцэнзаванні? "Як пазбегнуць непатрэбнай работы? Трэба больш шырокае тлумачэнне асноўнага закона, каб пастаянна яго не ўносіць (на разгляд. - Заўвага БЕЛТА). Аж да таго, каб гэты закон адмяніць. Тады гэта будуць ведамасныя законы. Калі мы да гэтага гатовы. Падумайце, гэта пытанне для парламента і вас (міністра эканомікі. - Заўвага БЕЛТА) як ініцыятара. Тэарэтычна важнае пытанне, якое перацякае ў практыку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе Юрый Чабатар таксама адзначыў, што з 2023 года ліцэнзія перастала быць папяровым дакументам і перайшла ў электронны выгляд. Такім чынам, у дзяржавы і розных арганізацый скараціліся затраты на захоўванне, выраб і дубліраванне ліцэнзій. Суб'ект гаспадарання можа запатрабаваць папяровы дакумент, аднак такіх зваротаў за тры гады ні разу не паступала. У сувязі з гэтым міністр эканомікі расказаў, што з 2030 года плануецца перавесці ўсё справаводства, звязанае з ліцэнзаваннем, у электронны выгляд праз адзіны рэестр ліцэнзій.

"Калі няма праблемы - добра. Але трэба, каб мы не выкінулі за борт людзей, якія карыстаюцца паперкамі. Калі гэта не запатрабавана жыццём, зразумела. А калі яшчэ запатрабавана?" - звярнуў увагу на неабходнасць разумнага падыходу ў пытанні лічбавізацыі Аляксандр Лукашэнка.-0-