22 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Амаль тысяча чалавек аднавілі трагічныя і гераічныя эпізоды абароны Брэсцкай крэпасці,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ваенна-гістарычная рэканструкцыя абароны Брэсцкай крэпасці - падзея традыцыйная. З году ў год на світанні 22 чэрвеня жыхары горада над Бугам і госці не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з-за мяжы збіраюцца ў цытадэлі, каб убачыць дзейства і адчуць атмасферу той раніцы.
"Эмоцыі заўсёды перапаўняюць пасля такога мерапрыемства, - адзначыў ён. - Гэта даволі моцна эмацыянальна і ў плане акцёрскага майстэрства. Для мяне як для рэканструктара адыгрывае вельмі вялікае значэнне памяць народа і падтрыманне гэтай памяці. У сучасным грамадстве першае пытанне, на якое трэба звярнуць увагу, - гэта падтрыманне і захаванне памяці".
У Брэсцкай крэпасці раніцай 22 чэрвеня - сяброўкі і калегі з Ваўкавыска Алена Пастушок і Алена Палуянка. Жанчыны па прафесіі педагогі і ўжо бывалі разам са сваімі навучэнцамі ў цытадэлі, але мерапрыемствы, якія тут праходзяць ноччу і на світанні, наведалі ўпершыню.
"Дзень сёння асаблівы. Гэта дзень памяці, мы абавязаны ў гэты дзень аддаць даніну павагі тым, хто абараніў наш мір, даў нам магчымасць жыць", - сказала Алена Пастушок, дадаўшы, што з заміраннем сэрца назірала за тым, як разгортваліся падзеі на світанні 22 чэрвеня. "У мяне дзядуля кавалер трох ордэнаў Леніна. Ён дайшоў да Берліна, нават распісаўся на Рэйхстагу. Дзень для мяне сённяшні таму святы", - падзялілася жанчына.

"Пасля першага наведвання Брэсцкая крэпасць пакінула глыбокія ўражанні, таму сёння тут з сяброўкамі, - адзначыла Алена Палуянка. - Стрэлы гучаць - і мурашкі па скуры. Адразу ўяўляецца - так было на самай справе. Як людзі сябе адчувалі ў той момант?"
Сцэнарый ваенна-гістарычнай рэканструкцыі пабудаваны на гістарычных фактах, тут няма мастацкіх выдумак. Для зручнасці гледачоў ключавыя эпізоды бітвы ў рэжыме рэальнага часу трансліруюць на вялікіх экранах.-0-