25 жніўня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны "Брэст" заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з Карпарацыяй развіцця Іркуцкай вобласці (Расія),
паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Цырымонія падпісання дакументаў адбылася на палях Байкальскага міжнароднага форуму партнёраў, які праходзіць у Іркуцку. "Пагадненне дасць магчымасць перш за ўсё павялічыць знешнегандлёвы абарот паміж рэзідэнтамі свабоднай эканамічнай зоны "Брэст" і Іркуцкай вобласцю. Будуць прапрацоўвацца таксама пытанні па стварэнні кааперацыйных, сумесных інвестыцыйных праектаў. У форуме ўдзельнічаюць чатыры рэзідэнты СЭЗ - група кампаній "БТіМ", акумулятарная кампанія, "АграХарчаПрам", "Сіфанія-Экатэхніка". Кожны з іх правёў B2B сустрэчы, абгаварылі кропкі для росту экспартнага складніка, абмену вопытам, у прыватнасці, адносна машынабудавання", - расказаў кіраўнік адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны "Брэст" Вадзім Краўчук.
Прадстаўнікі Беларусі плённа працуюць на Байкальскім міжнародным форуме. "Беларускай дэлегацыяй падпісана камерцыйных дакументаў на агульную суму каля $700 тыс. Размова ідзе аб пастаўках мясной прадукцыі на рынак рэгіёна, гематагенаў вытворчасці кампаніі "Экзон". Работа на форуме прадаўжаецца", - дадаў намеснік старшыні камітэта эканомікі Брэсцкага аблвыканкама Іван Красоўскі. На форуме адбыліся пленарная сесія, прэзентацыйная сесія інвестпраектаў, біржа кантактаў. Прадстаўнікі Беларусі сустрэліся з патэнцыяльнымі партнёрамі з Манголіі і Кітая.
Дэлегацыю афіцыйных і дзелавых колаў Беларусі ўзначальвае старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык. Ён з'яўляецца адказным за каардынацыю супрацоўніцтва з Іркуцкай вобласцю з беларускага боку. Адна з цэнтральных падзей 25 жніўня - адзінаццатае пасяджэнне рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі з Іркуцкай вобласцю.
Візіт беларускай дэлегацыі прадоўжыцца па 27 жніўня.-0-