27 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Жыхароў і гасцей шасці населеных пунктаў Беларусі 29 жніўня і 5 верасня чакаюць мерапрыемствы грамадска-палітычнага марафону "17 граней адзінства",
паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе РГА "Белая Русь".
Рэгіянальная праграма аб'яднае сямейныя святы, спартыўныя спаборніцтвы, культурныя мерапрыемствы і інтэрактыўныя праекты. Марафон прадоўжыцца 29 жніўня адразу ў чатырох рэгіёнах краіны. У аграгарадку Крыўляны Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці з 14.30 на стадыёне сярэдняй школы марафон стане часткай раённых "Дажынак". Для гасцей падрыхтуюць сямейную пляцоўку з майстар-класамі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, спартыўнымі спаборніцтвамі, віктарынамі, крыа-шоу і інтэрактыўнай праграмай з роставымі лялькамі.
У гарадскім пасёлку Лёзна Віцебскай вобласці адбудуцца дыскусійная пляцоўка і культурна-забаўляльная праграма "17 граней беларускай жанчыны".
У Ельску Гомельскай вобласці свята разгорнецца ў гарадскім скверы. У праграме - квест-гульня "Грані адзінства", інтэрактыўная зона "Сям'яFest", канцэрт, флэшмобы, розыгрышы прызоў і майстар-класы. Таксама будуць працаваць інфармацыйныя стойкі грамадскіх ініцыятыў, фудкорт і пляцоўкі выязнога гандлю.
У Мастах Гродзенскай вобласці ў 14.00 на стадыёне "Нёман" пачнецца спартыўнае свята "Энергія адзінства". Удзельнікаў чакаюць сямейныя эстафеты, спаборніцтвы для працоўных калектываў, музычная праграма, майстар-клас па стварэнні паштовак і фотазона "Мой Прэзідэнт".
5 верасня марафон прадоўжыцца яшчэ ў трох населеных пунктах. У Століне Брэсцкай вобласці парк культуры і адпачынку стане пляцоўкай для "Палескай мазаікі" - тут арганізуюць 17 тэматычных лакацый. З улікам таго, што Столінскі раён з'яўляецца самым шматдзетным у краіне, асаблівую ўвагу ў праграме ўдзеляць сем'ям і дзецям.
У гарадскім пасёлку Шуміліна Віцебскай вобласці на цэнтральным стадыёне пройдзе трохгадзіннае сямейнае спартыўнае свята і маладзёжны фестываль патрыятычнай творчасці. Адной з галоўных падзей стануць паказальныя выступленні кінолагаў Дэпартамента аховы МУС і падраздзяленняў МНС.
Праграма марафону "17 граней адзінства" аб'ядноўвае розныя фарматы - ад спартыўных і сямейных мерапрыемстваў да дыскусійных пляцовак і культурных праграм, ствараючы магчымасці для сустрэч і сумеснага адпачынку жыхароў рэгіёнаў.-0-