22 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Артысты Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы (БАТД) паказалі спектакль "Брэсцкая крэпасць" на тэрыторыі легендарнай цытадэлі над Бугам,
перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэты спектакль у Брэсце ўпершыню прадставілі ў 1953 годзе. Пастаноўка не сыходзіла з тэатральных падмосткаў трэць стагоддзя. "Брэсцкая крэпасць" была сыграна каля тысячы разоў у Беларусі і за мяжой. У БАТД вырашылі вярнуць знакавы спектакль на сцэну. Сцэнарый дапрацавалі, выключыўшы некаторыя гістарычныя нестыкоўкі, пракансультаваўшыся з работнікамі мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой". Прэм'еру прадставілі гледачам ноччу 22 чэрвеня. Сцэна з неверагодна рэалістычнымі дэкарацыямі размясцілася на плошчы Цырыманіялаў перад манументам "Мужнасць". Эфект узмацнялі музычнае суправаджэнне, гукі выбухаў і стральбы, лазерная праекцыя. Назіраць за дзеяннем гледачы маглі на вялікім экране.
Нягледзячы на тое, што раніцай многім людзям трэба ісці на работу, вучобу або па іншых справах, яны прыйшлі ў крэпасць. "Адзін раз у годзе можна ноч не паспаць. Мы любім хадзіць у тэатр. А тут гістарычны спектакль пад адкрытым небам, на месцы падзей. Стала вельмі цікава. Былі гатовы да цяжкіх эмоцый. Але гэта ўсяго толькі кропля адчуванняў, якія перажылі людзі ў гады вайны", - заўважыла брастаўчанка Алена. На спектакль яна прыйшла разам з мужам.
У пастаноўцы задзейнічаны больш за 30 артыстаў рознага ўзросту. На сцэне яны паказалі не толькі ваенныя падзеі. Асноўны ўпор зроблены на чалавечыя пачуцці і ўзаемаадносіны паміж людзьмі ў час вайны. Моцныя эмоцыі выклікаў фінал фразай "Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма!", вымаўленай на розных мовах.
Алег і Таццяна да Брэста пераадолелі больш за 1 тыс. км з Санкт-Пецярбурга. Паводле слоў мужа і жонкі, яны шмат чулі пра начныя мерапрыемствы ў крэпасці 22 чэрвеня. "Нам хацелася паглядзець усё, пабываць на рэканструкцыі. Памятныя мерапрыемствы праводзяцца ў многіх гарадах, але самыя маштабныя - у Брэсце. Нам з дзяцінства расказвалі пра герояў Брэсцкай крэпасці, мы на гэтым выраслі. Стаім тут і абмяркоўваем, што ў гэтым месцы трэба кожнаму пабываць. Праграма вельмі цікавая. Наколькі сіл хопіць, столькі і прабудзем у крэпасці сёння. Думаю, гэта запомніцца надоўга. Будзем расказваць дзецям і сябрам", - падзяліліся госці з Расіі.-0-