Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным

Тэатралізаваную чытку "Дзікага палявання караля Стаха" рэпеціруюць у Брэсцкім тэатры драмы

30/11/2023 16:11

У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы ідзе работа над тэатралізаванай чыткай гістарычнай аповесці з элементамі містыкі беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры.

Над тэатралізаванай чыткай твора беларускага класіка працуе рэжысёр Валянціна Янавец. Яна ж - аўтар арыгінальнай інсцэніроўкі аповесці. "Мяне гэты твор яшчэ ў дзяцінстве захапіў. Я яго перачытвала, напэўна, у 9-м класе, і ён зрабіў на мяне вельмі моцнае ўражанне. Гэта гісторыя ў мяне ўнутры сядзела і спела, і мне захацелася гэта зрабіць. З інсцэніроўкай былі пэўныя цяжкасці. Гісторыя Караткевіча вельмі шматслойная, і зрабіць сцэнічны варыянт у гэтым плане складана. Трэба і захаваць гісторыю, і ў той жа час яе акуратна скараціць, каб гэта было і сцэнічна, і лагічна ўсё выбудавана", - расказала Валянціна Янавец.

У сцэнічнай гісторыі будзе задзейнічана дзевяць персанажаў. Галоўныя ролі - гаспадыні Балотных Ялін Надзеі Яноўскай і маладога вучонага-фалькларыста Андрэя Беларэцкага - рэпеціруюць артысты Таццяна Васількова і Міхаіл Ільіч. Апавяданне будзе ісці на беларускай мове. "Гэта спектакль-чытка, таму даводзіцца шукаць таксама нейкія выразныя сродкі. За сцэнаграфію адказвае галоўны мастак тэатра Мікалай Палтарака, у яго ўжо ёсць свае задумкі. Усё яшчэ ў рабоце. Наогул, хацелася б, каб на сцэне прысутнічаў лён, таму што гэта наш нацыянальны здабытак, нацыянальная гордасць. Таму мы хочам вельмі шмат выкарыстоўваць лёну", - падзяліўся рэжысёр.

Папярэдне, тэатралізаваную чытку на сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы павінны прадставіць гледачам у пачатку наступнага года. "Апошнім часам мы актыўна апрабоўваем такі фармат, як тэатралізаваная чытка. Як правіла, гэта рэч са школьнай праграмы, якую, магчыма, мы пакуль не можам сабе дазволіць паставіць на вялікай сцэне. Або лічым, што ў фармаце чыткі яна будзе выглядаць нават цікавей. Такім чынам, Валянціна Іванаўна цяпер працуе над сваёй чыткай. Рэпетыцыі ідуць, разводка па ролях зроблена. Думаю, будзе цікава", - дадала загадчыца літаратурна-драматургічнай часткі БАТД Вера Шэлест.