13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі
пачаўся другі этап рэпетыцыйнага тэсціравання (РТ), паведамілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.
Навучэнцы могуць праверыць свае веды па 16 вучэбных прадметах за курс агульнай сярэдняй адукацыі. "Абітурыентам неабходна выбраць прадметы, якія спатрэбяцца ім для паступлення ў ВНУ. Гэта дзве дзяржаўныя мовы - беларуская і руская, а таксама матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, англійская, нямецкая, іспанская, французская, кітайская мовы, гісторыя Беларусі, грамадазнаўства, сусветная гісторыя (навейшы час), геаграфія. Таксама РТ змогуць прайсці выпускнікі папярэдніх гадоў. Гэта дасць магчымасць усім удзельнікам ацаніць свае магчымасці і псіхалагічна падрыхтавацца да будучых іспытаў", - расказалі ў ведамстве.
Іспыты праходзяць у 138 пунктах, у кожным з якіх свой графік правядзення і колькасць удзельнікаў па вучэбных прадметах. "Для праходжання РТ неабходна зарэгістравацца на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў у анлайн-рэжыме праз асабісты кабінет або ў адным з пунктаў правядзення і атрымаць пропуск. Апрацоўка бланкаў адказаў і разлік вынікаў ажыццяўляецца па тэхналогіі цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання. Пасля праходжання другога этапу ў канцы лютага ўдзельнікам РТ прадаставяць рашэнні заданняў тэста для выканання работы над памылкамі з выкарыстаннем камплекта тэставых заданняў, а таксама дадуць каштоўныя кансультацыі", - праінфармавалі ў прээс-службе.
Трэці, заключны, этап рэпетыцыйнага тэсціравання адбудзецца ў сакавіку-красавіку.-0-