19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Як турыстычны патэнцыял прадстаўлены на выставе "Мая Беларусь" у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры,
расказаў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў.
На стэндзе Нацыянальнага агенцтва па турызме можна азнаёміцца з усімі турыстычнымі рэсурсамі Беларусі. Інфармацыя сканцэнтравана на партале Belarus.travel - ён даступны праз кіёск на стэндзе. "Стэнд аформлены як рэлакс-зона: тут можна адпачыць, паглядзець відэаролікі аб турыстычных рэгіёнах, відах турызму і агульныя ролікі аб краіне. Прадстаўлены выявы рэстаўрыраваных аб'ектаў ужо ў незалежнай Беларусі: Косаўскі замак, сядзібы, замкі, палацы. Падрабязнасці - па QR-кодах", - расказаў Дзмітрый Марозаў.









У супрацоўніцтве з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук выстаўлены ўнікальныя археалагічныя знаходкі. Напрыклад, раскопкі стаянкі Агова-1 у Іванаўскім раёне з прыладамі працы ўзростам 400 тыс. гадоў, якія пераносяць дату засялення тэрыторыі Беларусі на сотні тысяч гадоў таму.
Наведвальнікі могуць узяць з сабой турыстычныя карты і брашуры - для планавання сваіх падарожжаў, адзначыў Дзмітрый Марозаў.
Зала падзелена на стэнды па абласцях Беларусі. "Усе зоны стылістычна адзіныя: аформлены ў стылі беларускай выцінанкі (у 2024 годзе ўключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА). У бягучым годзе гэты матыў выкарыстоўваўся на міжнародных выставах. Стэнд Нацыянальнага агенцтва па турызме ўпрыгожаны работамі майстра з Маладзечна Лізаветы Чарвонцавай: алені, сусветнае дрэва з каранямі, якія адыходзяць у глыб беларускай гісторыі, і кронай - у будучыню", - растлумачыў дырэктар агенцтва.




Інтэрактыўных зон шмат, асабліва для дзяцей. На стэндзе Гродзенскай вобласці, дзе была знойдзена старажытная фігура ладдзі, - вялізныя шахматы. Віцебская вобласць (Полацк) прапануе паспрабаваць сябе ў ролі першадрукара. Брэсцкая вобласць знаёміць з робататэхнікай - робаты-афіцыянты раздаюць сыр, можна паразмаўляць з антрапаморфнымі робатамі. Можна таксама пасядзець у кабіне БЕЛАЗа, убачыць гранітны кар'ер Мікашэвічы як цэнтр прамысловага турызму. Гомельская вобласць паказвае ручнікі і ткацтва (Неглюбская традыцыя нядаўна ўключана ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА), стаянку Юравічы, праграму палаца Румянцавых і Паскевічаў. Мінская вобласць прадстаўляе турыстычныя зоны, сімвал Мінска, чаканку манет. Магілёўская - акцэнтуе ўвагу на новых музеях і памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, уключаючы музей на Буйніцкім полі.
Таксама ўдзельнічаюць Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта і нацыянальныя паркі: глэмпінгі, вялікая пяцёрка млекакормячых. Лейтматыў - турызм усіх відаў (гісторыка-культурны, лячэбна-аздараўленчы, медыцынскі, прамысловы), аб'екты ЮНЕСКА (матэрыяльныя і нематэрыяльныя).
"Чакаем росту пазнаваемасці турыстычных аб'ектаў сярод грамадзян, павелічэння ўнутраных турыстаў у розных фарматах: актыўны, пазнавальны, аздараўленчы. Выстава пакажа шматграннасць рэсурсаў і культурных дасягненняў, матывуючы падарожнічаць па Беларусі. Ёсць чым ганарыцца", - рэзюмаваў Дзмітрый Марозаў.-0-
Фота Максіма Гучака