19 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі павялічваецца аб'ём спажывання электрычнай энергіі. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Віктар Каранкевіч у эфіры тэлеканала "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.
Беларуская атамная электрастанцыя сумарна выпрацавала 33,9 млрд кВт.гадз электрычнай энергіі. Гэта дазволіла замясціць амаль 9 млрд куб.м прыроднага газу. "Уся атрымліваемая электрычная энергія Беларускай атамнай электрастанцыі спажываецца ў нашай краіне. За 2023 год аб'ём вытворчасці электрычнай энергіі, спажывання ў краіне склаў 41,1 млрд кВт.гадз. Рост за адзін год - на 2,5 млрд кВт.гадз. Гэта вельмі значны прырост электраспажывання ў краіне. І 28 працэнтаў ад агульнага аб'ёму вытворчасці і спажывання ў краіне было задаволена за кошт выпрацоўкі электрычнай энергіі на Беларускай атамнай электрастанцыі", - звярнуў увагу Віктар Каранкевіч.
Дадатная дынаміка па павелічэнні электраспажывання захоўваецца і ў гэтым годзе. Так, за студзень-ліпень аб'ём спажывання электрычнай энергіі павялічыўся на 1,9 млрд кВт.гадз. Адбываецца гэта за кошт энергаёмістых вытворчасцей, папаўнення парку электратранспарту. "Выкарыстанне электрычнай энергіі для зарадкі электратранспарту павялічылася амаль у два разы за разглядаемы перыяд 2024 года. Таксама актыўна выкарыстоўваецца электрычная энергія і насельніцтвам для мэт ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Рост да мінулага года ў 1,4 раза, аб'ём спажывання склаў 555 млн кВт.гадз", - адзначыў віцэ-прэм'ер.
Паводле прагнозаў, у 2030 годзе аб'ём спажывання электраэнергіі ў Беларусі складзе каля 47 млрд кВт.гадз. "Цяпер аналізуюцца даныя і па аб'ёмах спажывання, а таксама рыхтуюцца адпаведныя матэрыялы ў частцы аналізу ўсіх аспектаў магчымага ўзвядзення новай станцыі ці трэцяга энергаблока: гэта сацыяльныя, эканамічныя, фінансавыя, тэхналагічныя, экалагічныя. Ёсць адпаведная дарожная карта, дзе вызначаны тэрміны падрыхтоўкі такіх матэрыялаў, у тым ліку і тэхніка-эканамічнага абгрунтавання. Гэту работу мы прадаўжаем ва ўзаемадзеянні з многімі органамі дзяржкіравання. Завяршэнне падрыхтоўкі такіх дакументаў - у 2025 годзе", - сказаў Віктар Каранкевіч.-0-