27 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Абласны фестываль мастацтваў "Музычная восень" пройдзе ў Брэсце з 27 кастрычніка па 15 лістапада, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара Брэсцкай абласной філармоніі Ірына Абакумава.
Агулам запланавана 9 канцэртаў, якія пройдуць на чатырох пляцоўках. Выступленні артыстаў адбудуцца ў гасцінай філармоніі, канцэртнай зале абласнога грамадска-культурнага цэнтра, вялікай зале Тэатра лялек і Крыжаўзвіжанскім касцёле. Фестывальная афіша парадуе прыхільнікаў самых разнастайных музычных напрамкаў: ад аматараў народнай песні і танца да класічнай музыкі.
Адкрые фестываль вялікі канцэрт "З чаго пачынаецца Радзіма" Арэнбургскага ансамбля казачай песні і танца "Златая Русь" - аднаго з галоўных ансамбляў Арэнбургскага казацкага войска.
Асаблівую ўвагу ў гэтым сезоне арганізатары ўдзялілі творчасці беларускіх аўтараў - у праграме фестывалю ім прысвечана два вечары. Так, 30 кастрычніка ў творчым праекце заслужанай артысткі Беларусі Таццяны Траццяк "Край прыгожых людзей" будзе прадстаўлена беларуская музыка і песенная спадчына розных эпох і жанраў. Музыцы сучасных кампазітараў прысвечаны канцэрт духавога квінтэта салістаў Вялікага тэатра Беларусі. Многія творы прагучаць упершыню.
Урэшце, цяперашні фестываль багаты на прэм'еры. На гала-канцэрце музычных культур 3 лістапада ўпершыню ў Брэсце прагучыць армянскі дудук, а таксама кітайскія старажытныя традыцыйныя музычныя інструменты. У праграме "Ад Баха да Цымера" 9 лістапада саўндтрэкі з вядомых кінафільмаў прагучаць у выкананні камернага аркестра і аргана. У канцы фестывалю, 15 лістапада, у Брэсце ўпершыню выступіць адзін з самых незвычайных па складзе і рэпертуары класічных ансамбляў сучаснасці - віяланчальны квартэт Rastrelli з Санкт-Пецярбурга.
Заснавальнікі фестывалю - упраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкая абласная філармонія.-0-