4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў расказаў у інтэрв'ю БЕЛТА, як за апошнія 30 гадоў змянілася структура злачыннасці ў Беларусі.
"Аператыўная абстаноўка з гадамі мяняецца: некаторыя віды злачынстваў адыходзяць у мінулае, з'яўляюцца новыя. Так, у 1994 годзе было ўчынена 1359 разбойных нападзенняў, а ў 2024-м - 52. Акрамя таго, у 1994 годзе было ўчынена 1432 крадзяжы аўтамабіля, а ў 2024-м - 48, і ўсе машыны знойдзены. Трэба таксама ўлічваць, што ў той час раскрывалася менш за 50 працэнтаў разбойных нападзенняў, а ў 2024 годзе раскрыты ўсе такія злачынствы", - расказаў Іван Кубракоў.
Кіраўнік праваахоўнага ведамства адзначыў тое, што кіберзлачынствы - біч сённяшняга дня. "Пры гэтым у 2022 і 2023 гадах колькасць такіх злачынстваў павялічылася ў 2-3 разы, а ў 2024 годзе ўдалося змяніць гэту тэндэнцыю. Больш таго, за першыя два месяцы 2025 года колькасць кіберзлачынстваў знізілася на 10 працэнтаў. Такі вынік стаў магчымы дзякуючы правядзенню прафілактычнай работы, змяненням у заканадаўстве. Гэтыя злачынствы, як правіла, учыняюцца людзьмі, якія знаходзяцца за мяжой. Аднак злачынцы выкарыстоўваюць грамадзян Беларусі ў якасці кур'ераў. На сённяшні дзень 70-80 працэнтаў пасыльных затрымліваюцца намі", - падкрэсліў міністр.
Іван Кубракоў дадаў, што злачынцы пастаянна прыдумваюць новыя схемы. "Былі ўнесены змяненні ў заканадаўства. Сёння мы можам блакіраваць здзелку на пэўным этапе, не звяртаючыся ў банк. Таксама ідзе аператыўная работа ў інтэрнэце Дэпартамента крымінальнай разведкі. Як толькі паступае званок з тэрыторыі іншай краіны, мы пачынаем ужо працаваць на прафілактыку", - адзначыў кіраўнік праваахоўнага ведамства.
Акрамя таго, міністр унутраных спраў падкрэсліў, што цяпер не толькі махлярства, але і наркагандаль адыходзяць у інтэрнэт. "Мы гэта добра разумеем. Таму мяняецца заканадаўства, узмацняюцца меры адказнасці за такія злачынствы. Тут можна ўспомніць сітуацыю з наркагандлем. 5-7 гадоў таму гэта было вялікай праблемай для нашай краіны. Але прынятыя меры садзейнічалі зніжэнню колькасці такіх злачынстваў. Гэтак жа будзе і з кіберзлачынствамі. Ужо цяпер грамадзяне сталі больш пільнымі", - дадаў Іван Кубракоў.
Ён звярнуў увагу, што людзі павінны разумець: штучны інтэлект можа аднавіць любы голас. "Сёння мы ўмеем гэтаму процістаяць і самі выкарыстоўваем ШІ. Ён прымяняецца, напрыклад, у рэспубліканскай сістэме маніторынгу грамадскай бяспекі. Мы можам націсканнем некалькіх кнопак вызначыць, дзе і на чым перамяшчаецца чалавек. Такім чынам мы трымаем бяспеку ў гарадах нашай краіны пад кантролем", - расказаў міністр.
Кіраўнік праваахоўнага ведамства адзначыў, што за 2024 год злачыннасць знізілася больш як на 14 працэнтаў. "Колькасць такіх злачынстваў, як забойствы, прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, зніжаецца з кожным годам. На дасягнутым мы не спыняемся. Нашы супрацоўнікі працуюць у першую чаргу на прафілактыку. Існуе праблема з гібеллю людзей у ДТЗ. Тут мы таксама стараемся ўносіць змяненні ў заканадаўства, удасканальваем інфраструктуру, каб нельга было перавысіць скорасць", - дадаў Іван Кубракоў.
Пры гэтым міністр упэўнены, што сіламі адной толькі міліцыі немагчыма вырашыць усе праблемы. Патрабуюцца і законапаслухмяныя паводзіны грамадзян, а таксама дапамога ўсіх зацікаўленых суб'ектаў прафілактыкі.-0-