
3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад зацвердзіў план падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання ў 2025 годзе. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 29 студзеня 2025 года нумар 54, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
У прыватнасці, у план увайшлі праекты закона "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2026 год" і "Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2026 год", аб змяненні Падатковага кодэкса, аб аквакультуры, праекты Кодэкса аб ахове здароўя, Экалагічнага кодэкса.
Акрамя таго, плануецца ўнесці змяненні ў шэраг законаў, у тым ліку аб пітным водазабеспячэнні, "Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, прасочвальнасці жывёл (статкаў), ідэнтыфікацыі і прасочвальнасці прадуктаў жывёльнага паходжання", па пытаннях прамысловай бяспекі, аб перавозцы небяспечных грузаў, аб таварных біржах, аб ліцэнзаванні, аб ахове працы, па пытаннях рэгулявання зямельных адносін, а таксама аб змяненні Працоўнага кодэкса, Кодэкса аб нетрах, Воднага кодэкса, аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці.
Пастанова ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.-0-