24 верасня, Баранавіцкі раён /Кар. БЕЛТА/ Сістэма абароны краіны ў Беларусі ўжо створана. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе ў час наведвання 230-га агульнавайсковага палігона Абуз-Лясноўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я даўно ўжо гаварыў: мы кампактная, невялікая па колькасці насельніцтва краіна. Мы не Расія, тым больш не Кітай, не Індыя і не блок НАТА. Мы не можам па сваіх эканамічных магчымасцях утрымліваць такую армію, якая патрэбна для вайны, таму трэба прыстасоўвацца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што абараняць дзяржаву прызначаны Узброеныя Сілы, але пры неабходнасці будзе аператыўна арганізавана тэрытарыяльная абарона і народнае апалчэнне. У такім выпадку колькасць абаронцаў радзімы шматразова павялічыцца. "Але для гэтага трэба мець у краіне адзінства і дысцыпліну. Гэта ў нас ёсць", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў актуалізаваць задачы тэрытарыяльнай абароны з улікам сучасных умоў вядзення баявых дзеянняў. "І народнае апалчэнне - каб чалавек, які не трапляе ў армію, але добра валодае зброяй, мог абараніць дом. Сістэма ў нас вызначана. Мы яе правяраем: дзяржсакратару (Савета бяспекі. - Заўвага БЕЛТА) задача пастаўлена жалезна, каб усё было праверана не для паказухі, пачынаючы ад народнага апалчэння да Узброеных Сіл. Гэта значыць сістэма абароны нашай краіны ў нас створана", - сказаў галоўнакамандуючы.
Раней кіраўнік дзяржавы даў задачу паставіць на асобы ўлік грамадзян, якія праходзілі службы ў спецыяльных падраздзяленнях сілавых ведамстваў. "У бліжэйшы час праверым усе падраздзяленні. Чаму я на гэтым настойваю: гэта спецпадрыхтоўка вельмі дорага нам каштавала. Падрыхтаваць такіх спецназаўцаў - гэта вялікія грошы", - растлумачыў Прэзідэнт.
Свае задачы таксама ў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў: кожны, хто валодае зброяй, павінен быць гатовы ў выпадку неабходнасці абараняць краіну. "Паляўнічых у нас шмат, яны павінны мець сваё падраздзяленне са сваёй зброяй. І гэта трэба паглядзець: як ствараецца, што створана. Дзе мы падрыхтуем лепшых снайпераў, чым у іх? Таму і гэта трэба выкарыстоўваць, па-гаспадарску паставіцца. А не разлічваць, як у савецкі час: грошы дадуць, мы ваенны гарадок пабудуем, набяром туды шмат людзей, будзем іх вучыць, як звычайна ў арміі мы робім, а потым яны навучацца ваяваць. Мы так эканоміку паложым, у нас бедны народ будзе хадзіць. Мы не можам такія велізарныя грошы ўкладваць у такую сістэму падрыхтоўкі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама нагадаў аб сваім даручэнні ўдасканаліць падрыхтоўку ваеннаслужачых у самой арміі: "Каб не было празмернай муштры, каб фізічна былі падрыхтаваны хлопцы. Фізпадрыхтоўка, як і агнявая, тактычная і вывучэнне відаў сучаснай зброі, павінна быць на першым месцы"."Гэта значыць армію трэба ўзварухнуць і прывесці яе ў ідэальны стан, пакуль у нас ёсць адзінства ў грамадстве і дысцыпліна. Завершым "разборкі" ў сельскай гаспадарцы па ўборцы і іншых пытаннях, надыдзе зімовы перыяд - праверка будзе вельмі строгая па ўсіх напрамках. Ваенных у цэлым. Не толькі арміі, але і МУС, Камітэта дзяржбяспекі. Кожнаму нарэзаны задачы, усе ўсё ведаюць - трэба выконваць", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-