21 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Новы спартыўны сезон на Вяслярным канале ў Брэсце адкрыецца рэспубліканскімі спаборніцтвамі на Кубак Беларусі па акадэмічным веславанні, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст па сувязях з грамадскасцю абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні Алег Голас.
Спаборніцтвы на вадзе спартыўнага комплексу сярод мужчын і жанчын пройдуць з 26 па 29 красавіка. У асабіста-камандных спаборніцтвах прымуць удзел зборныя каманды абласцей і Мінска - усяго больш за 280 спартсменаў. У поўным складзе ўдзел у стартах прыме нацыянальная зборная Беларусі па веславанні акадэмічным. Спаборніцтвы весляроў з'яўляюцца адначасова адборачнымі стартамі для вызначэння кандыдатаў на ўдзел у міжнародных спаборніцтвах па акадэмічным веславанні "Вялікая маскоўская рэгата".
Гонкі акадэмістаў адбудуцца на дзвюх дыстанцыях - 1000 м і 2000 м. У праграме - заезды на лодках-адзіночках, двойках і чацвёрках парных і бязрульных, васьмёрках з рулявым. Своеасаблівай уверцюрай да спаборніцтваў стане традыцыйны парад адкрыцця, які запланаваны 26 красавіка на 13.00. Уваход на трыбуны гледачоў ва ўсе дні спаборніцтваў бясплатны.
"Цяпер на вадзе Вяслярнага канала ідзе інтэнсіўны трэніровачны працэс. Самых перспектыўных весляроў кансультуе і накіроўвае праслаўленая беларуская спартсменка Кацярына Карстэн. Яна прыме ўдзел у якасці суддзі спаборніцтваў. Акрамя беларускіх спартсменаў у нас таксама праводзіць зборы расійская каманда весляроў", - адзначыў Алег Голас.
Ужо з 2 па 5 мая на Вяслярным канале абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву пройдуць традыцыйныя адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы памяці абаронцаў Брэсцкай крэпасці. У іх прымуць удзел юніёры і юніёркі на байдарках і каноэ 2005-2006 гадоў нараджэння.