
10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыні гаррайвыканкамаў адказваюць за развіццё свайго горада і раёна. Ад гэтай работы шмат у чым залежыць і развіццё ўсёй краіны. Такую думку выказала ў эфіры тэлеканала АНТ старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, каменціруючы ўзмацненне паўнамоцтваў улады на месцах.
Наталля Качанава падкрэсліла, што старшыні гаррайвыканкамаў займаюцца абсалютна ўсімі пытаннямі. У полі зроку кіраўнікоў базавага ўзроўню знаходзяцца і рэальны сектар эканомікі, і прамысловасць, і сельская гаспадарка, і сацыяльная сфера, і грамадска-палітычная сітуацыя ў рэгіёне.
"Прэзідэнт нашай краіны заўсёды асаблівую ўвагу ўдзяляе гэтай катэгорыі службовых асоб. Таму што, па-першае, гэта кадравы рэзерв. Несумненна, тыя людзі, якія прайшлі работу ў мясцовых органах улады, разумеюць гэта жыццё не па чутках. Яны ведаюць, як можна рэалізаваць той ці іншы закон, той ці іншы ўказ, і як ён рэалізуецца - эфектыўна ці не. Аляксандр Рыгоравіч сказаў, каб было прапісана ўсё, каб не было перашкод у рабоце старшынь райгарвыканкамаў. У іх не павінны быць звязаны рукі. Яны павінны мець поўныя правы і паўнамоцтвы для таго, каб рэалізоўваць задачы, якія стаяць перад імі", - звярнула ўвагу старшыня Савета Рэспублікі.
Наталля Качанава назвала старшынь гарадскіх і раённых выканкамаў ключавымі фігурамі. "Але разам з тым мы разумеем, што і асаблівая адказнасць у гэтых людзей. Бо яны, па сутнасці справы, адказваюць за развіццё свайго горада, раёна. Ад гэтай работы шмат у чым залежыць тая сітуацыя, якая складваецца ў нашай краіне. Акрамя таго, яшчэ раз хачу паўтарыць, што гэта кадравы рэзерв людзей, якія ў далейшым могуць і павінны прыйсці працаваць у дзяржаўныя рэспубліканскія і абласныя органы кіравання", - рэзюмавала спікер.-0-