7 лютага, Ташкент /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Узбекістан у 2024-2025 гадах рэалізуюць праекты больш як на $1 млрд. Аб гэтым паведаміў журналістам віцэ-прэм'ер Леанід Заяц у час II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана ў Ташкенце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На палях форуму Леанід Заяц правёў перагаворы са сваім узбекскім калегам намеснікам прэм'ер-міністра Жамшыдам Хаджаевым.
Паводле слоў беларускага віцэ-прэм'ера, бакі знайшлі ўзаемаразуменне па ўсіх напрамках: "Гэта прамысловая кааперацыя, сельская гаспадарка, перапрацоўчая прамысловасць, гуманітарныя пытанні, пытанні адукацыі, супрацоўніцтва ў спорце і турызме, падрыхтоўка кадраў для лесатэхнічнай галіны, горадабудаўніцтва, ЖКГ - вялікі спектр пытанняў. Яны змацоўваюцца 99 дакументамі на агульную суму $1,054 млрд".
Гэта ў тым ліку экспартныя кантракты і інвестыцыйныя праекты. Іх рэалізацыя запланавана на 2024-2025 гады. Гэтыя праекты будуць пакладзены ў аснову дарожнай карты супрацоўніцтва паміж краінамі на бліжэйшыя два гады. "Мы возьмем гэтыя пытанні на кантроль, каб ніводны пункт, ніводная пазіцыя не былі выключаны", - заявіў Леанід Заяц.
За 2018-2022 гады тавараабарот паміж краінамі павялічыўся ў 3,2 раза. У 2023 годзе аб'ём узаемнага гандлю вырас яшчэ на 12 працэнтаў і перасягнуў $565 млн.
"Ёсць магчымасці падняцца значна вышэй, - упэўнены Леанід Заяц. - Вельмі шмат цікавага ёсць для Беларусі ва Узбекістане, і вялікую цікавасць адчувае Узбекістан да Беларусі".
Беларусь, у прыватнасці, хоча стварыць ва Узбекістане сумесную вытворчасць дзіцячых прадуктаў харчавання, арганізаваць зборку пасажырскага транспарту Мінскага аўтамабільнага завода, адкрыць прадпрыемствы ў тэкстыльнай галіне. Ствараецца таксама сумесная вытворчасць баваўнаводчых трактароў.-0-