Беларускія кампаніі ўжо заключылі кантракты на $25 млн на пастаўку прадукцыі ва Узбекістан. Аб гэтым журналістам расказаў старшыня БелГПП Міхаіл Мятлікаў, які знаходзіцца ў складзе ўрадавай дэлегацыі з афіцыйным візітам ва Узбекістан, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на чале ўрадавай дэлегацыі накіраваўся з афіцыйным візітам ва Узбекістан. Кіраўніка беларускага ўрада сустрэлі ў міжнародным аэрапорце Ташкент-Хумо, які зусім нядаўна прыняў першыя рэйсы. Аляксандр Турчын стаў першым прэм'ер-міністрам замежнай дзяржавы, які ступіў на трап новай паветранай гавані ўзбекскай сталіцы.
Да гэтага ў Самаркандзе беларускі прэм'ер правёў сустрэчу ў нефармальнай абстаноўцы з прэм'ер-міністрам Узбекістана Абдулой Арыпавым, у ходзе якой бакі абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня, а таксама азнаёміўся з дзейнасцю Самаркандскага аўтамабільнага завода (SamAuto).
Сумесна кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Узбекістана прыбылі ў Ташкент і каля трапа самалёта іх сустрэў хакім (мэр) Ташкента Шаўкат Умурзакаў. Тут запланавана правядзенне чацвёртага пасяджэння Узбекска-беларускага дзелавога савета, а таксама Узбекска-беларускі бізнес-форум. У праграме двухдзённага візіту таксама перагаворы з прэм'ер-міністрам Узбекістана Абдулой Арыпавым і наведванне шэрага вытворчых пляцовак. Пытанні паглыблення двухбаковага супрацоўніцтва будуць абмеркаваны на сустрэчы з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым.
Паводле слоў старшыні БелГПП, у Ташкент прыбыла прадстаўнічая беларуская дэлегацыя, у тым ліку 42 прадпрыемствы. "Яны прадстаўляюць наша машынабудаванне, дрэваапрацоўку і лясную гаспадарку, фармацэўтыку і касметыку, прадукты харчавання. Практычна ўсе сектары эканомікі сёння тут прысутнічаюць. Вялікі інтарэс адзначаецца ва ўзбекскіх партнёраў", - расказаў ён.
На пасяджэнні Узбекска-беларускага дзелавога савета плануецца абмеркаваць узаемадзеянне з партнёрамі і Гандлёва-прамысловай палатай Узбекістана. "Таксама адбудзецца вялікі Узбекска-беларускі бізнес-форум. На гэты момант больш як 250 кампаній Узбекістана запісаліся на гэта мерапрыемства. Будуць праходзіць В2В-перагаворы, - заўважыў Міхаіл Мятлікаў. - Цяпер праходзяць сустрэчы і падпісанне камерцыйных кантрактаў, якія былі нядаўна напрацаваны на пастаўку беларускай прадукцыі ва Узбекістан. Падпісана ўжо 10 дакументаў на агульную суму $25 млн. Заўтра прадоўжацца перагаворы і мы спадзяёмся яшчэ на падпісанне шэрага кантрактаў".
Сярод новых напрамкаў развіцця супрацоўніцтва кіраўнік БелГПП назваў сумесную вытворчасць мэблі ва Узбекістане. "Ва Узбекістане сапраўды бум будаўніцтва. Па выніках мінулага года рост у гэтым сектары эканомікі склаў больш як 15 працэнтаў. Таму запатрабаваны нашы піламатэрыялы: OSB-пліты, фанера, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў будаўніцтве. Нашы матэрыялы тут ідуць, як кажуць, з колаў", - звярнуў увагу Міхаіл Мятлікаў.-0-