
20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Анжэла Кудаярава расказала журналістам аб змяненнях, якія датычацца працэдуры правядзення цэнтралізаванага экзамену ў гэтым годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У гэтым годзе колькасць выпускнікоў 11-х класаў складае больш за 56 тыс. чалавек, 9-х класаў - больш за 102 тыс. "Для выпускнікоў 11-х класаў падагульняючыя іспыты будуць праводзіцца ў выглядзе ЦЭ. Цэнтралізаваныя экзамены традыцыйна праводзяцца ў адзіныя дні. Так, ЦЭ на выбар адбудзецца 26 мая, ЦЭ па рускай або беларускай мове (на выбар навучэнца) - 29 мая. Механізм правядзення іспытаў застаўся ранейшым, за выключэннем дзвюх змяненняў. У гэтым годзе ўведзена забарона на выкарыстанне смартфонаў і сродкаў аўдыя-, відэа-, фотафіксацыі на ўсёй тэрыторыі пункта правядзення, а не толькі ў самой аўдыторыі, таму гаджэты будуць забірацца ў навучэнцаў яшчэ на этапе прапускнога кантролю. Пры гэтым выкарыстанне тэлефонаў у дварах пунктаў тэсціравання, на вуліцы будзе дазволена. Другое новаўвядзенне - на цэнтралізаваным экзамене больш не будуць прысутнічаць настаўнікі-прадметнікі", - расказала Анжэла Кудаярава.
Самымі папулярнымі ў выпускнікоў для здачы цэнтралізаванага экзамену з'яўляюцца мовы. "Рэгістрацыя ўдзельнікаў ЦЭ завяршылася 5 красавіка, удзельнічаць у іспытах будуць 56 977 навучэнцаў, яны напішуць амаль 114 тыс. тэстаў. Найбольш запатрабаваны прадмет - руская мова, на яе зарэгістравалася больш як 46 тыс., матэматыку выбралі амаль 19 тыс. чалавек, беларускую мову - амаль 10,8 тыс. навучэнцаў. Як і ў мінулым годзе, цэнтралізаваны экзамен арганізуецца на базе 144 пунктаў правядзення, сярод іх 57 школ і гімназій. У кожным пункце будзе знаходзіцца медработнік, арганізавана таксама супрацоўніцтва з тэрытарыяльнымі службамі ДАІ і МНС", - праінфармавала прадстаўнік Мінадукацыі.
Яна адзначыла, што ўсе арганізацыйныя пытанні, звязаныя з правядзеннем ЦЭ, ужо вырашаны. "Дзяцей на працягу ўсяго дня будуць суправаджаць адказныя педагогі, для якіх у пунктах правядзення вызначаны асобныя памяшканні, дзе яны будуць знаходзіцца, чакаючы сваіх навучэнцаў. Гэтыя памяшканні будуць размяшчацца максімальна аддалена і ізалявана ад месца, дзе праходзіць экзамен. Час пачатку іспытаў - 11.00. Збірацца навучэнцы будуць у школах. Дзеці з сельскіх устаноў да пункта правядзення будуць дабірацца на школьным аўтобусе, у вялікіх гарадах - на грамадскім транспарце. Установамі адукацыі ўжо прапрацавана лагістыка дастаўкі навучэнцаў у пункты правядзення цэнтралізаванага экзамену", - канстатавала Анжэла Кудаярава.
Што датычыцца саміх тэстаў, то, паводле слоў кансультанта ўпраўлення, матэрыял у гэтым годзе па ўзроўні складанасці не змяніўся. "Ён па-ранейшаму змяшчае заданні першага, другога, трэцяга, чацвёртага і пятага ўзроўняў складанасці. На сайце РІКВ Міністэрства адукацыі апублікаваны табліцы адпаведнасці першасных і тэставых балаў па ўсіх прадметах. Тут жа прадстаўлены шкалы пераводу балаў, атрыманых удзельнікамі цэнтралізаванага экзамену па 100-бальнай шкале. Кожны абітурыент, які будзе здаваць цэнтралізаваны экзамен, убачыць у асабістым кабінеце копію сваёй работы, таму не будзе неабходнасці запытваць гэту інфармацыю. Плануецца, што вынікі цэнтралізаванага экзамену стануць вядомы не пазней за 11 чэрвеня. Атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы атрымаюць на выпускным вечары, які пройдзе ў гэтым годзе 13 чэрвеня", - праінфармавала яна.
Вучэбныя заняткі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі завяршаюцца 31 мая, для навучэнцаў 9-х і 11-х класаў яны завяршаюцца 23 мая. Для выпускнікоў 9-х класаў выпускныя іспыты пройдуць з 2 па 13 чэрвеня. Дзевяцікласнікі будуць здаваць беларускую мову (пераказ), рускую мову (пераказ), матэматыку (кантрольная работа), гісторыю Беларусі (вусна па білетах). Як і ў папярэднія гады, тэксты па беларускай, рускай мовах і матэматыцы будуць аб'яўляцца па тэлебачанні і радыё.-0-