9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бібліятэкі Беларусі 19 красавіка ў 19.00 адкрыюць дзверы бібліяночы. Для дзяцей і дарослых падрыхтаваны тэматычныя пляцоўкі, лекцыі, майстар-класы, экскурсіі, гульні, творчыя сустрэчы з пісьменнікамі і іншыя забавы, паведамілі БЕЛТА ў аддзеле сувязей з грамадскасцю Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
У НББ бібліяноч пройдзе на тэму "NLB. Планета ведаў". Удзельнікаў чакаюць квесты і шахматна-шашачныя турніры, этна-вечарына з фалк-групай Guda і капэлай традыцыйнай музыкі "Анягож", настольныя гульні і паказ адзення сучасных беларускіх дызайнераў. Акрамя таго, чытачы змогуць наведаць лекцыі, майстар-класы па тэхніцы кітайскага жывапісу і графіцы, бачаце і сальсе, а самыя юныя госці змогуць убачыць "Касмічны фантазіум".
У Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэцы тэмай акцыі стане "БібліяМедыка". Наведвальнікі змогуць паслухаць эксклюзіўныя лекцыі акушэра-гінеколага і ўрача-педыятра, прыняць удзел у інтэрактыўнай пляцоўцы ваеннай медыцыны часоў Вялікай Айчыннай вайны і цікавым квесце ў Музеі гісторыі медыцыны Беларусі, а таксама інтэлектуальных гульнях. Для маленькіх гасцей будзе адкрыты дзіцячы пакой, дзе іх сустрэнуць любімыя літаратурныя героі і кожнае дзіця знойдзе сабе занятак даспадобы: бісерапляценне, скетчынг маркерамі, лепка з паветранага пластыліну.
Тэма бібліяночы ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі - "#ПРОнауку". Даследчыкі змогуць даведацца, напрыклад, як выдзеліць ДНК-малекулу ў дамашніх умовах з фруктаў або па косці аднавіць памеры і аблічча дыназаўраў. Акрамя таго, госці азнаёмяцца з гісторыяй узнікнення сыру і абмяркуюць тэму навуковых памылковых поглядаў.
У год 100-годдзя беларускага кіно Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы прадставіць творчыя сустрэчы з вядомымі людзьмі кінамастацтва, незвычайныя кінасеансы, жывую музыку з любімых фільмаў, кінаквест, майстар-класы і арыгінальную фотазону. Юныя жыхары горада і іх бацькі змогуць нясумна правесці вечар у Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы імя Астроўскага. Там яны сустрэнуцца з дзіцячымі пісьменнікамі, прымуць удзел у літаратурных віктарынах і тэатралізаваных чытаннях, а таксама абмяркуюць свае любімыя кнігі і даведаюцца больш пра творчы працэс іх стварэння. Творчыя майстар-класы, лекцыі і экскурсіі, гульні для дзяцей і дарослых чакаюць гасцей Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэкі імя Лупіновіча НАН Беларусі.
Бібліяноч таксама пройдзе ў рэгіёнах. Цэнтральная гарадская бібліятэка імя В.Таўлая ў Баранавічах запрашае на захапляючы сямейны квіз "Аднойчы ў бібліятэцы", а Воранаўская раённая бібліятэка прапануе наведаць тэматычныя лакацыі: дэтэктыўнае агенцтва, бібліякафэ, літаратурны салон "Варажба па кнігах", разнастайныя майстар-класы, літаратурныя віктарыны, рамантычную фотазону, вячэрні кінасеанс "Прыгоды Бібліятэкара". У Ашмянскай раённай бібліятэцы дзеці паглядзяць мультфільмы з героямі з любімых казак, пазнаёмяцца з цікавымі кніжнымі выставамі, прымуць удзел у майстар-класе па стварэнні кніжных закладак, а ў Смаргонскай раённай бібліятэцы адбудзецца канцэрт "Літаратурны настрой", арт-вернісаж "Фарбы вясны", бібліякешынг "Вакол ды каля…бібліятэкі", майстар-класы па аквагрыме і стварэнні кніжных закладак.
У бібліятэцы-філіяле нумар 9 імя Янкі Купалы Магілёва праграма акцыі будзе прысвечана вядомаму беларускаму пісьменніку, імя якога носіць бібліятэка. Бялыніцкая цэнтральная раённая бібліятэка правядзе майстар-клас "Падарожжа па зачараваным лесе", гульнявыя пляцоўкі "Магічныя забавы", "Віртуальная рэальнасць", інтэлектуальную пляцоўку "Безумное чаепитие", дзе ўдзельнікі змогуць разгадаць лагічныя загадкі і рэбусы. Дрыбінская цэнтральная раённая бібліятэка дасць магчымасць убачыць "Свет кнігі без межаў" і музычна-паэтычны батл "Калі радок дыктуе пачуццё…", а таксама стаць удзельнікам літаратурнай квест-гульні "Падарожжа па кніжным акіяне" і розных майстар-класах.
Клімавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Івана Пехцерава правядзе гістарычны экскурс у СССР, дэфіле тэатраў моды, выставу савецкіх плакатаў і рэтра-дыскатэку, а Крычаўская гарадская бібліятэка нумар 2 пазнаёміць з выставай "Нас усіх аб'ядноўвае кніга", гульнявой праграмай "Казка за казкай", літаратурнай латарэяй "Замарочкі з бочкі", лялечным спектаклем "Выпадак у лесе" і майстар-класам "Маляванне паветранымі шарыкамі".-0-