11 лістапада, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Больш за 130 аўтобусаў плануюць паставіць ва ўстановы адукацыі Беларусі да канца года. Аб гэтым паведаміў сёння ў Брэсце міністр адукацыі Андрэй Іванец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У мэтах выканання распараджэння кіраўніка дзяржавы ажыццяўляем пастаўку больш як 130 аўтобусаў ва ўстановы адукацыі ўсёй нашай рэспублікі. Гаворым аб транспарце, у якім маюць патрэбу дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэта важная і актуальная на гэты момант задача, якая стаіць перад дзяржавай, сістэмай адукацыі. Ад таго, наколькі мы зможам дайсці да кожнага дзіцяці, пачынаючы з самага ранняга ўзросту, залежыць вынік работы псіхолага-педагагічнай карэкцыі і суправаджэння, якое ажыццяўляюць педагогі", - адзначыў Андрэй Іванец.
Ён падкрэсліў, што дастатковае аснашчэнне аўтапарка дае магчымасць дайсці да кожнага населенага пункта, нават самага аддаленага. Бачачы такую падтрымку з боку дзяржавы, бацькі ўпэўнены ў тым, што іх дзіця зможа атрымаць якасную дапамогу.
"У нашай краіне выбудавана сістэмная работа па карэкцыйным і псіхолага-педагагічным суправаджэнні дзяцей. У кожным раённым цэнтры працуюць цэнтры карэкцыйнага развіцця і рэабілітацыі. У першую чаргу пастаўка спецыяльных аўтобусаў прадугледжана для такіх устаноў. Разам з тым неабходна стварыць умовы і ў кожнай школе, дзіцячым садзе. Дзеці, якія маюць патрэбу ў асаблівым суправаджэнні, павінны быць інтэграваны ў звычайныя класы і групы. Таму частка аўтобусаў будзе пастаўлена і ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі", - сказаў міністр.
У прыватнасці, у ААТ "Брэстмаш" па гэтай праграме ў гэтым годзе вырабяць 87 мікрааўтобусаў. Першую партыю сёння ва ўрачыстай абстаноўцы перадалі ўстановам адукацыі Брэсцкай вобласці.
Паводле слоў Андрэя Іванца, праект па цэнтралізаванай пастаўцы транспарту плануецца прадаўжаць. "Звяртаемся да кіраўніка дзяржавы, рыхтуем праект распараджэння, якое ў 2024 і 2025 гадах дасць магчымасць прадоўжыць праграму па цэнтралізаванай пастаўцы транспарту. Дарэчы, такія ж праграмы прыняла кожная вобласць. Мяркуем, што ў бліжэйшыя два гады закрыем неабходную патрэбнасць у транспарце для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, спецыяльных устаноў", - дадаў міністр.-0-