З 1 кастрычніка 2022 года кожны працуючы грамадзянін, якому да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту застаецца не менш за 3 гады і за якога выплачваюцца ўзносы ў ФСАН, мае магчымасць заключыць дагавор па праграме "Стравіта" з дзяржаўным суфінансаваннем. Паводле ўмоў дагавора, работнік вызначае тарыф уласных адлічэнняў (ад 1 працэнта да 10 працэнтаў ад заработнай платы) - пры тарыфах ад 1 працэнта да 3 працэнтаў работадавец абавязаны адлічаць суразмерную суму, а пры тарыфе ад 4 працэнтаў і вышэй работадавец нязменна адлічае 3 працэнты.
"На сённяшні дзень дагаворы заключылі 14150 чалавек. З іх 80 працэнтаў дагавораў заключаецца ў офісе кампаніі або праз прадстаўніка "Стравіты" і 20 працэнтаў - анлайн. У Мінску заключаецца крыху больш анлайн-дагавораў, але ў цэлым вытрымліваюцца суадносіны 80/20", - расказаў Сяргей Андрыевіч.
У асноўным да гэтай праграмы падключыліся жанчыны - 68 працэнтаў, а мужчыны склалі 32 працэнты. Найбольш папулярным тарыфам стаў "тры плюс тры" - 66 працэнтаў ад агульнай колькасці дагавораў. Тарыф "адзін плюс адзін" таксама папулярны - 18 працэнтаў ад усёй колькасці заключаных дагавораў. "Раз у год грамадзянін мае права змяніць тарыф. Многія гавораць, што выбіраюць тарыф "адзін плюс адзін", каб паспрабаваць, як гэта працуе, а пасля пераходзяць ужо на "тры плюс тры", - падкрэсліў кіраўнік прадпрыемства.
Калі гаварыць аб узросце, найбольшая колькасць дагавораў - амаль 45 працэнтаў - заключана асобамі ва ўзросце ад 48 да 57 гадоў. "Можна сказаць, што гэта людзі, якія бліжэй да пенсійнага ўзросту. Яны пачынаюць больш актыўна задумвацца аб тым, што іх чакае на пенсіі. Моладзь, на жаль, не так заўзята ўступае ў гэту праграму. Грамадзянамі да 37 гадоў было заключана амаль 15 працэнтаў ад агульнай колькасці дагавораў. Думаю, гэта таксама нядрэнны паказчык. Мы нацэлены на тое, каб ахоп гэтай праграмы быў як мага большы і каб чалавек намнога раней пачынаў клапаціцца пра сваю будучыню", - адзначыў Сяргей Андрыевіч.
Калі ўзяць колькасць работадаўцаў, то да праграмы далучыліся ўжо больш як 2,1 тыс. работадаўцаў, якія цесна ўзаемадзейнічаюць са "Стравітай", у тым ліку па прадастаўленні спісаў плацяжоў.-0-