Беларускія 11-класнікі напісалі другі і заключны цэнтралізаваны экзамен па прадметах на выбар. Большасць (амаль 20,6 тыс. выпускнікоў) выбрала матэматыку, на другім месцы біялогія, на трэцім - англійская мова. Па ўсёй краіне працавала 144 пункты правядзення ЦЭ, больш за 53 тыс. чалавек наведалі іх і прынялі ўдзел у іспытах. Карэспандэнты БЕЛТА пабывалі ў БНТУ, пераканаліся ў высокай гатоўнасці ВНУ, пацікавіліся ў хлопцаў і дзяўчат, якія яны здаюць прадметы, а пасля завяршэння іспытаў высветлілі, якія ўражанні засталіся ў іх ад заданняў.
Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт у другі дзень цэнтралізаванага экзамену наведаў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка. Да пачатку іспытаў ён прайшоў па ВНУ, праверыў захаванасць экзаменацыйных матэрыялаў, зазірнуў у аўдыторыі, даў наказ 11-класнікам. "Мы глядзелі гатоўнасць аўдыторый, прапускны рэжым, самае галоўнае - гатоўнасць навучэнцаў. Ёсць пэўная катэгорыя дзяцей, якая сур'ёзна настроена, яны адразу занялі свае месцы. Некаторыя спакойныя, ходзяць, гутараць адзін з адным. Паводле іх водзываў, тое, што ім прадастаўлена права выбраць профільны прадмет і ў далейшым вызначыць сваю траекторыю і лагістыку паступлення, для іх камфортнае рашэнне. Яны ўсе яго падтрымліваюць і вітаюць. З пункту гледжання арганізацыйных пытанняў БНТУ - гэта доследная ўстанова, пры правядзенні ЦТ тут адпрацаваны ўсе практыкі і методыкі. Тут ніякіх нечаканасцей мы не ўбачылі", - сказаў намеснік прэм'ер-міністра.
Дзяржаўны інспектар КДК Ганна Казак таксама адзначыла поўную гатоўнасць ВНУ да правядзення ЦЭ. "Мы ажыццяўляем кантроль за выкананнем заканадаўства пры арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага экзамену ў форме кантрольна-выязных мерапрыемстваў. Сёння мы ў БНТУ. Тут задзейнічана 89 аўдыторый, 4 корпусы, прадстаўлены ўсе прадметы. Здаюць экзамен больш як 2,5 тыс. будучых выпускнікоў. Хацелася б адзначыць добрую арганізацыю. Мы звярталі ўвагу на наяўнасць пашпартоў, пропускаў, адсутнасць тэлефонаў, каб выпускнікам своечасова, дакладна і аператыўна даводзілі ўсе даныя і інфармацыю, якая засцеражэ іх ад парушэнняў. Пакуль што ўсё добра", - расказала яна.
Пасля рэпетыцыі ЦЭ і першага экзамену па дзяржаўных мовах збор дзяцей у школах і прыезд у пункты правядзення не выклікаў ніякіх цяжкасцей. Усё арганізавана і своечасова прыбылі на месцы. Дзеці зайшлі ўнутр, большасць настаўнікаў засталіся ў двары ВНУ на лаўках пад бэзам. У іх было каля дзвюх гадзін, каб атрымаць асалоду ад цёплага, сонечнага надвор'я.
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сталічнай школы нумар 180 Ганна Працкевіч адзначыла, што новая сістэма адназначна лягчэйшая і больш эфектыўная. "Навучэнцам даводзіцца здаваць два цэнтралізаваныя экзамены і адно ЦТ. Яны атрымліваюць сертыфікаты - і гэта ўжо пропуск для паступлення. Раней ім трэба было здаць экзамены ў школе, потым яшчэ здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне па трох прадметах. Гэта двайная нагрузка. Дзецям цяпер адназначна лягчэй, яны самі аб гэтым гавораць. Мы рыхтаваліся з дзецьмі да ЦЭ. З імі працавалі настаўнікі, гэта былі дадатковыя заняткі і заданні. У нас 18 чалавек сёння здаюць матэматыку. Дзеці, вядома, перажывалі, але моцнага хвалявання не было, таму што першы экзамен ужо здадзены", - падзялілася яна.
Дырэктар школы нумар 180 Наталля Нарбунтовіч ужо сустрэла траіх навучэнцаў, якія завяршылі ЦЭ па матэматыцы. "Дзеці расказваюць, што сюрпрызаў не было, заданні аб'ектыўныя, дубліруюць школьную праграму. Некаторыя сказалі, што па заданнях яны ўбачылі, што могуць палепшыць сваю гадавую адзнаку па матэматыцы ў школе. Каля 80 працэнтаў нашых выпускнікоў арыентуюцца на вышэйшую адукацыю. Сучасная моладзь хоча паступаць на дызайн, паліталогію, педагагічныя спецыяльнасці іх цікавяць. У нас у школе тры выпускнікі атрымалі мэтавыя накіраванні, яны прыйдуць да нас праз чатыры гады ў якасці маладых настаўнікаў. Акрамя таго, з наступнага навучальнага года ў нашай школе будзе адкрыты інжынерны клас БНТУ, мы падпісалі пагадненне. Там ухіл будзе зроблены на фізіку і матэматыку", - праінфармавала кіраўнік школы.
Аб тым, што новая сістэма падагульняючай атэстацыі знімае з 11-класнікаў каласальную нагрузку, гаворыць і настаўнік англійскай мовы школы нумар 95 Мінска Алена Русалімчык. "Добра, што з дапамогай ЦЭ можна пратэсціраваць адразу вялікую колькасць навучэнцаў. Сёння ў нас усё прайшло спакойна. Усе сабраліся своечасова, арганізавана выехалі, грамадскі транспарт ходзіць добра. Нехта з дзяцей гаварыў, што хвалюецца, хто - не. Але мы ж ведаем, што трывожнасць у дзяцей ёсць, хоць і невялікая", - расказала яна.
Выпускнікі з аўдыторый сталі выходзіць ужо праз гадзіну пасля пачатку іспытаў, асабліва тых, на якія было адведзена 90 і 120 мінут. На матэматыцы, на якую было дадзена 210 мінут, тых, хто спяшаўся, было менш.
Навучэнка школы нумар 56 Марына Нікалаева здавала англійскую мову. Гаворыць, што было складаней, чым на рэпетыцыі ЦЭ і РТ. "Там былі цяжкія заданні, адно я нават не рашыла. Па форме правядзення, што і як запаўняць, было ўсё зразумела, гэта нам растлумачылі ўжо, напэўна, 200 разоў. Шкада, што 100 балаў у мяне ўжо не будзе, але спадзяюся хаця б на 90. Пакуль ехалі на экзамен, я паўтарыла артыклі, а так больш за год рыхтавалася да ЦЭ. Я выбрала спецыяльнасць "псіхалогія". Першым здавала ЦЭ па рускай мове, ён быў яшчэ складаней. Вельмі чакаю рэзультатаў", - падзялілася дзяўчына.
Ксенія Грабінова, навучэнка гэтай жа школы, здавала грамадазнаўства. "Мая душа ляжыць да гэтага прадмета, ён для мяне лёгкі, я яго разумею. Я вырашыла здаваць яго пасля таго, як схадзіла на пробны ЦЭ па матэматыцы і зразумела, што больш люблю грамадазнаўства, - смяецца школьніца. - Сёння было нескладана, нават лягчэй, чым на трэцім этапе РТ асабіста для мяне. З большасцю заданняў справілася. Была пара заданняў, дзе мне давялося паразважаць, а ўсё астатняе пайшло вельмі лёгка. Я нават здзівілася. Думаць давялося над пытаннямі з галіны палітыкі і міжнародных эканамічных адносін. Напісала ўсе заданні. Чакаю больш за 70 балаў. На РТ па грамадазнаўстве ў мяне 75 балаў. Для паступлення я выбрала некалькі варыянтаў, буду глядзець па балах. Хачу пайсці на "культуралогію" альбо ў БДУ, альбо ў БДУКМ. На ЦТ буду здаваць гісторыю Беларусі".
Сцяпан Кохан здаваў геаграфію. Гаворыць, што экзамен для яго аказаўся складаным. "Калі я здаваў рэпетыцыйны ЦЭ, было неяк прасцей, там пытанні былі лягчэйшыя. Выклікалі цяжкасці заданні, дзе трэба было працаваць з картай. Не ведаю, можа, для кагосьці гэта проста, але для мяне аказалася складана. Рэпетыцыю здаў на 62 балы. Хутчэй за ўсё, сённяшні рэзультат будзе ніжэйшы. Я пакуль не вырашыў, куды пайду, знаходжуся ў стане выбару, так бы мовіць. Новая сістэма экзаменаў лягчэйшая, таму што раней трэба было вучыць мноства білетаў, а цяпер можна выканаць два тэсты. Для мяне тэст прасцей, чым вучыць білеты. З-за таго, што экзаменаў стала менш, даводзіцца менш нервавацца", - сцвярджае хлопец.
Настасся Кулікоўская з гімназіі нумар 30 здавала англійскую мову. "У цэлым экзамен прайшоў нармальна, але былі моманты, калі я сумнявалася, што выбраць. Спадзяюся, усё будзе правільна. На рэпетыцыі я атрымала 77 балаў. Сёння былі заданні як у дыстанцыйным РТ, такія ж словы сустракаліся. У параўнанні са студзеньскай рэпетыцыяй здалося, што было крыху складаней, але мне здаецца, што гэта ад варыянта залежыць. Усе заданні адпавядалі школьнай праграме. Калі ты вучышся ў школе добрасумленна, то здаць будзе нескладана пры ўмове, што ў цябе ўсё ў парадку з засваеннем матэрыялу. Збіраюся паступаць у МДЛУ. Першай здавала рускую мову, прайшла яна нармальна. Не ведаю, наколькі ўсё правільна выканала, але спадзяюся на добры вынік. Буду здаваць яшчэ ЦТ па гісторыі Беларусі. Той факт, што экзаменаў сёлета стала менш і матэматыка неабавязковая, робіць выпускную кампанію для многіх лягчэйшай. Менш прадметаў, менш нагрузка, менш нерваў. Не зусім зручна, што экзамены праходзяць у сярэдзіне мая, таму што даводзіцца і ў школе дапісваць некаторыя работы, гэта ўсё ідзе паралельна. Хутчэй за ўсё, проста нязвыкла", - адзначыла дзяўчына.
Дзмітрый Зарэцкі са школы нумар 91 сцвярджае, што любіць думаць, таму выбраў для ЦЭ матэматыку. "Уражанні неверагодныя. У прынцыпе, я ўсё напісаў, па адчуваннях, вельмі нават нядрэнна, цяпер пайду дадому адпачываць. Я моцна нерваваўся, у прынцыпе, не дарэмна, але ўсё больш-менш добра. Рэпетыцыю ЦЭ праходзіў па матэматыцы. Сур'ёзных адрозненняў я не ўбачыў", - расказаў малады чалавек.
А вось Мікіта Куніцкі са школы нумар 59 думаў над 10 заданнямі з 32. Гаворыць, што на РТ па матэматыцы было лягчэй. "Наогул усё было са школьнай праграмы. Матэматыку выбраў, таму што гэта база, яна ўсюды спатрэбіцца. ЦТ здаваць не буду, таму што пайду ў каледж. На першым ЦЭ я здаваў рускую, там было лягчэй. У рускай я лепш разбіраюся, чым у матэматыцы. На рэпетыцыі ЦЭ па матэматыцы я атрымаў 30 балаў, але са студзеня актыўна рыхтаваўся, думаю, на гэты раз будзе значна больш балаў, спадзяюся балаў на 50", - падзяліўся школьнік.
Навучэнка школы нумар 180 Марыя Капелька выбірала матэматыку мэтанакіравана, прадмет ёй патрэбны для паступлення ў БДУФК на менеджара па турызме. "Я люблю падарожнічаць, хочацца яшчэ і людзям дапамагаць выбіраць, куды паехаць, хачу навучыцца падбіраць для іх максімальна прыдатныя варыянты. На ЦЭ сёння былі цяжкія заданні, былі і лёгкія, недзе было зразумела, недзе - не, так было і будзе. Новая сістэма істотна аблягчае жыццё выпускнікам. Калі даведалася, што не трэба будзе здаваць гісторыю і англійскую ў школе, вельмі ўзрадавалася. Дзякуючы гэтаму ў мяне намнога менш стрэсу цяпер", - расказала дзяўчына.
Вынікам другога дня цэнтралізаванага тэсціравання стала высокая яўка выпускнікоў на іспыты. Да аўдыторый не дайшоў 181 чалавек, што на аднаго чалавека менш, чым у мінулую нядзелю. "Яшчэ чатыры чалавекі не былі дапушчаны на экзамен з-за адсутнасці пашпарта. Нягледзячы на сур'ёзную інфармацыйную работу наконт спісванняў і праносу мабільных тэлефонаў, у чатырох абласцях краіны былі зафіксаваны адзінкавыя парушэнні. Усяго выдалена з пунктаў здачы ЦЭ 7 выпускнікоў. Мы правялі ўжо аналіз, гадавыя адзнакі ў 6 з іх былі 9 балаў. Гэта сведчыць, што яны - выдатнікі, напэўна, перахваляваліся. Усе яны, акрамя аднаго чалавека, збіраліся паступаць у ВНУ. У гэтым годзе ў іх цяпер не будзе такой магчымасці. Яны пойдуць здаваць ЦЭ ў іншыя тэрміны ў жніўні. Калі яны здадуць экзамен, то атрымаюць атэстат, пасля чаго змогуць паступаць у каледжы на ўзровень сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Або ж яны могуць пачакаць, каб у наступным годзе нанава ісці на тры цэнтралізаваныя тэсціраванні і паступаць ва ўніверсітэты", - праінфармаваў міністр адукацыі Андрэй Іванец, падводзячы вынікі другога дня цэнтралізаванага экзамену на выбар.
Святлана ПЕКАР,
БЕЛТА.-0-