20 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Больш за 100 юных спартсменаў выступяць на спаборніцтвах па фігурным катанні з 20 па 22 кастрычніка ў Лядовым палацы ў Пружанах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.
Гэтымі днямі на лядовай арэне пройдуць адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па фігурным катанні "Кубак Белавежскай пушчы" і Алімпійскія дні моладзі (АДМ) Брэсцкай вобласці. Для ўдзелу ў спаборніцтвах усяго заяўлены 110 удзельнікаў з Мінска, Брэста, Гомеля, Баранавіч, Пружан, Івацэвіч. Прадстаўлены намінацыі ад "навічка" да кандыдатаў у майстры спорту. Самым юным спартсменам 5 гадоў, старэйшым - 15-16 гадоў. Самую шматлікую групу фарміруюць фігурысты сярэдняга ўзросту, якія маюць юнацкія разрады.
У адрозненне ад традыцыйнага "Кубка Белавежскай пушчы", які ў Пружанах праходзіць штогод, АДМ тут прымаюць другі год запар. "Гэта адборачны этап. І тыя спартсмены, якія адбяруцца, будуць прадстаўляць Брэстчыну на рэспубліканскім этапе Алімпійскіх дзён моладзі па фігурным катанні", - адзначыла галоўны сакратар спаборніцтваў Таццяна Хадарэвіч.
Пачынаючыя фігурысты і спартсмены, якія маюць юнацкія разрады, выступяць з адвольнай праграмай. Больш вопытныя прадэманструюць майстэрства валодання каньком у дзвюх праграмах - кароткай і адвольнай. У асноўным гэта будзе адзіночнае катанне. Парнае катанне заяўлена ў рамках Алімпійскіх дзён моладзі.
Спаборніцтвы юных фігурыстаў стартуюць сёння ў 12.00. У суботу, 21 кастрычніка, каток будзе аддадзены ў іх распараджэнне практычна на ўвесь дзень з 10.00. Праграма заключнага дня спаборніцтваў пачнецца ў 9 гадзін раніцы. Уваход на трыбуны Лядовага палаца Пружан будзе свабодным.-0-